Get Mystery Box with random crypto!

​Гістарычны агляд правоў чалавека Ідэя таго, што людзі валода | Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"

Гістарычны агляд правоў чалавека

Ідэя таго, што людзі валодаюць неад’емнымі правамі, караніцца ў шмат якіх культурах і старажытных традыцыях. Шматлікія прыклады паважаных кіраўнікоў і найважнешых зборнікаў законаў з гісторыі чалавецтва паказваюць нам, што каштоўнасці, увасобленыя ў правах чалавека, не з'яўляюцца ні «заходнім вынаходствам», ні вынаходствам ХХ стагоддзя. Яны сталі адказам на ўсеагульныя патрэбы чалавека і на патрабаванні і пошукі справядлівасці. У кожнай супольнасці людзей былі свае ідэалы і сістэмы забеспячэння справядлівасці, якія захаваліся ў выглядзе традыцый – вусных ці пісьмовых, хоць не ўсе гэтыя традыцыі дажылі да нашых дзён.

Старажытная гісторыя
Збор законаў цара Хамурапі (Ірак, каля 2000 г. да н. э.) быў першым пісьмовым кодэксам законаў, заснаваных гэтым кіраўніком Вавілона. У ім даваўся зарок «кіраваць царствам справядліва, вынішчаць злых і жорсткіх, не дазваляць моцным прыгнятаць слабых, … адукоўваць краіну і спрыяць дабрабыту народа».
• Прыводзяцца словы старажытнаегіпецкага фараона (каля 2000 да н. э.), які даваў указанне сваім падначаленым: «Калі з Верхняга ці Ніжняга Ніла прыязджае просьбіт, зрабіце так, каб усё праходзіла ў адпаведнасці з законам, каб быў выкананы звычай і шанаваліся правы кожнага чалавека».
Хартыя Кіра (Іран, каля 539 г. да н. э.) была складзена царом Персіі Кірам для народа яго краіны. Хартыя прызнавала права народа на свабоду і бяспеку, рэлігійную памяркоўнасць, свабоду перамяшчэння, свабоду ад рабства і некаторыя сацыяльныя і эканамічныя правы.
• У аснове навукі Канфуцыя (каля 500 г. да н. э.) ляжыць канцэпцыя «рэн», галоўная ідэя якой – спачуванне і любоў да іншых людзей. Канфуцый сказаў: «Не жадай іншым таго, чаго не жадаеш сабе». Кітайскі эксперт па канфуцыянстве, доктар Пенг Чан лічыў, што ў аснове ідэі абароны правоў чалавека ляжыць менавіта вучэнне Канфуцыя.
Імам Алі-ібн-аль-Хусейн напачатку VIII стагоддзя н. э. напісаў сваё «Пасланне аб правах». Паводле нашых звестак, гэты ліст з'яўляецца першым дакументальным сведчаннем таго, якімі былі адносіны да правоў чалавека ў тую эпоху, і ён стаў першай спробай не негатыўнага, а пазітыўнага падыходу да канцэпцыі правоў чалавека. У метадалагічным сэнсе ў гэтым Пасланні прыведзены спіс з 50 такіх правоў чалавека, і па сваім духу яны адлюстроўваюць погляды ранняга ісламу.
Хартыя Мандэ (1222 г. н. э.) і Хартыя Курукан Фуга (1236 г. н. э.) сістэматызуюць вусныя формы традыцый краін Заходняй Афрыкі і бароняць такія прынцыпы, як дэцэнтралізацыя, абарона навакольнага асяроддзя, правы чалавека і культурная разнастайнасць.
• Aфрыканскі погляд на свет, які пазначаецца зулускім словам «ubuntu» (чалавечнасць), адлюстроўвае саму сутнасць гуманізму. Гэтае паняцце выдатна падкрэслівае важнасць павагі да ўсіх чальцоў супольнасці, гасціннасці і велікадушнасці. Выраз «чалавек робіцца чалавекам у асяроддзі іншых людзей» найлепш перадае змест слова «ubuntu», і гэта паняцце ў цэлым мае прамое дачыненне да правоў чалавека. Калі мы робімся людзьмі ў чалавечым грамадстве, тады, пазбаўляючы іншых людзей іх права быць чалавекам, мы самі перастаём быць людзьмі. Таму так важна і патрэбна бараніць правы іншых, дараваць і атрымліваць прабачэнне і шанаваць правы іншых людзей.