Get Mystery Box with random crypto!

​Што характарызуе правы чалавека? Правы чалавека неад’емныя. | Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"

Што характарызуе правы чалавека?

Правы чалавека неад’емныя.
Гэта азначае, што вы не можаце іх страціць, бо яны маюць дачыненне да самага факту чалавечага існавання, яны ўласцівыя ўсім людзям. Пры пэўных акалічнасцях дзеянне некаторых з іх, хоць і не ўсіх, можа быць прыпынена ці абмежавана. Напрыклад, калі нехта прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынства, ён ці яна могуць быць пазбаўлены волі; ці урад нейкай краіны можа ўвесці надзвычайнае становішча, заявіўшы пра гэта публічна, а потым можа скасаваць некаторыя правы, напрыклад, абмежаваць свабоду перамяшчэння з дапамогай увядзення каменданцкай гадзіны.

Яны непадзельныя, узаемазалежныя і ўзаемазвязаныя. Гэта азначае, што розныя правы чалавека па сутнасці звязаныя паміж сабой і не могуць разглядацца паасобку. Ажыццяўленне аднаго права залежыць ад ажыццяўлення шмат якіх іншых правоў, і няма ніводнага права, якое было б важнейшым за іншыя.

Правы чалавека ўніверсальныя, а гэта значыць, што яны роўна прымянімыя да ўсіх людзей ва ўсім свеце, прычым без абмежаванняў па часе. Кожны мае права карыстацца правамі чалавека, без якіх б там ні было адрозненняў у сілу расавай ці этнічнай прыналежнасці, колеру скуры, полу, сэксуальнай арыентацыі, інваліднасці, мовы, рэлігіі, палітычных ці іншых перакананняў, нацыянальнага ці сацыяльнага паходжання, нараджэння, маёмаснага ці іншага стану.