Get Mystery Box with random crypto!

​Журналістка 'Новага Часу' Дзіяна Серадзюк далучылася да праек | Валанцёрская служба ПЦ "Вясна"

​Журналістка "Новага Часу" Дзіяна Серадзюк далучылася да праекту "Паштоўкі ад вясноўкі" і напісала ліст Дзмітрыю Дубоўскаму.

"Прывітанне, Дзмітрый!
Мяне завуць Дзіяна, я журналістка, працую ў газеце «Новы Час». Дакладней, газета была да сярэдзіны жніўня гэтага года (яе вам нават спрабавалі выпісваць, але наўрад ці яна да вас даходзіла), пакуль яе не перасталі друкаваць. Цяпер застаўся толькі сайт.
Мы з вамі не знаёмыя, але я мела шчасце пазнаёміцца і пагутарыць з вашай сястрой Юліяй. Яна такая светлая і такая моцная! І вельмі вас любіць, хоць распавядала, што ў дзяцінстве вы не былі з ёй надта блізкімі. Юлія дзялілася вашымі разважаннямі, паказвала малюнкі, распавядала, што вы любіце вандраваць, шмат дзе пабывалі. Я таксама трошкі вандравала па ўкраінскіх Карпатах, дзе чароўная прырода і цудоўныя людзі, ад якіх не хочацца з’язджаць. Пабывала ў некаторых краінах Еўропы. Цяпер, праз пандэмію і іншыя абставіны, збольшага даводзіцца толькі з сумам узгадваць пра тыя вандроўкі.
Як і вы, я люблю нашу краіну, гісторыю, традыцыі, мову (ужо больш за 10 гадоў размаўляю на ёй у штодзённым жыцці) і веру ў тое, што мы павінны прайсці свой пакручасты шлях, каб загартаваць сваю годнасць як народа.
І я дакладна ведаю, што для нас з вамі яшчэ адкрыюцца новыя шляхі. Няхай вы ўжо амаль год як за кратамі, але, упэўнена, што і для вас будучыня відавочная: наперадзе яшчэ шмат прыгожага і цікавага. Дык мацуймася і набліжайма яе з кожным днём!
Спадзяюся, мы з вамі зможам сустрэцца неўзабаве. А пакуль жа маю надзею на тое, што мой ліст праб’ецца да вас, і вы зможаце мне адказаць.
З найлепшымі зычэннямі, Дзіяна.
25.10.2021г."

Вы можаце напісаць ліст падтрымкі Дзмітрыю Мікалаевічу Дубоўскаму:
СІЗА КДБ, 220050, г.Мінск, Галоўпаштамт, абаненцкая скрыня 8.

Таксама заклікаем вас пісаць лісты і іншым палітвязням, інфармацыю пра палітвязвяў можна ўзяць на тэматычных сайтах:
1) https://prisoners.spring96.org/be
2) https://politzek.me/friends
3) https://dissidentby.com

#паштоўкіадвясноўкі