Get Mystery Box with random crypto!

Быць антырашыстам — маральная норма Памятаю, як у канцы 80-х | Цыганкоў

Быць антырашыстам — маральная норма

Памятаю, як у канцы 80-х я тлумачыў савецкім людзям, што ў слове «антыкамуніст» няма нічога кепскага. Што «антыкамуністы» – гэта абсалютна пераважная большасьць людзей на планеце. Усе тыя, хто супраць экпрапрыяцыі ўласнасьці, супраць ГУЛАГаў, супраць дыктатуры пралетарыята, супраць «выбараў» без выбару. «Вы хочаце, каб у вас забралі ўсю маёмасць, каб не было грошай, прыватнай уласнасьці, каб ежу выдавалі па картках?» -- пытаўся я суразмоўцаў. «Калі не – дык значыць, і вы антыкамуніст».

Я б назваў гэта «метад кубачка кавы». Калі вы спакойна п'еце каву, і разважаеце пра нейкія рэчы абстрактна, нібыта ў вакууме, без уліку цяперашняй часовай рэальнасьці. А рэальнасьць была такая – існаваў СССР, у якім было 20 мільёнаў камуністаў. Але як толькі большасьць людзей стала думаць, што камунізм – гэта ненармальна, дык ён і зьнік.

Тое самае сёньня, быць «антырашыстам» -- гэта абсалютная маральная, фактычна адзіна магчымая, норма. Гэта азначае, што ты супраць забойства мірных людзей, супраць вайны, супраць заваёваў, супраць дзікай хлусьні і замбаваньня, супраць беззаконьня і несправядлівасьці. Рэальнасьць ствараецца выключна ідэямі і перакананьнямі людзей, яна не бывае сама па сабе.

Як толькі большасьць людзей у самой Расеі і за яе межамі вырашыць, што гэтая сыстэма ненармальная і ня мае права на існаваньне – яна зьнікне. І ніякае ФСБ і ядзерная зброя нічым гэтаму не перашкодзяць.