Get Mystery Box with random crypto!

Сёння – краязнаўчая сенсацыя з другога боку вуліцы Мільённай | Пошукі старога Гомеля

Сёння – краязнаўчая сенсацыя з другога боку вуліцы Мільённай

Гэты будынак вядомы на старых мапах як «Лазні Лагорыя». Вугал будынку фіксаваў паварот з Мільённай да Сажа – уніз сыходзіў роў з ручаём, праз які гомельцы хадзілі да рачных прыстаняў. Менавіта гэты паварот прымусіў невядомага архітэктара «зрэзаць» вугал гэтаму будынку.

Даўгі двухпавярховы будынак быў узведзены калісьці ў другой палове 19 стагоддзя ў эклектычным стылі з складаным і разнастайным архітэктурным дэкорам. Сёння адзіная вядомая выява — гэта пасляваенны здымак, дзе бачна, што будынак лазні знаходзіцца ў вельмі кепскім стане.

Што адбылося з будынкам? Калі ён быў знесены? Мы былі ўпэўненыя, што пасля вайны. Але архітэктурны аналіз будынку, які праводзіўся падчас стварэння віртуальнай рэканструкцыі, падказаў, што ён стаіць і сёння!

Аказалася, што габарыты і разбіўка вокнаў на фасадзе старой лазні цалкам адпавядае тым жа характарыстыкам існуючага будынку Упраўлення капітальнага будаўніцтва Гомельскай вобласці.

Відаць, у пачатку 1960-х гадоў аварыйны будынак старой лазні быў рэканструяваны: знік рызаліт з паўкруглым атыкам, была знесена балюстрада з «ілюмінатарамі», разабраны бакавы ўваход, і, часткова, сцены другога паверху. Будынак спрасцілі да стану скрынкі і надбудавалі трэці паверх. Зараз толькі руст на сценах першага паверху нагадвае пра архітэктурныя высілкі невядомага дойліда.