Get Mystery Box with random crypto!

Наконт Сувальскага калідору і расейскай пагрозы Пасля таго, я | За нашу і вашу свабоду / Rerum Novarum

Наконт Сувальскага калідору і расейскай пагрозы

Пасля таго, як Літва забараніла транзіт падсанкцыйных тавараў з Расеі ў Кёнігсберг (ён жа Каралявец, ён жа Калінінград), у Маскве пачалі гучаць пагрозы, ажно да вайсковых, у бок Вільні. Зноў агучваецца і пытанне магчымага нападу РФ на так званы Сувальскі калідор, каб арганізаваць бесперабойны шлях да Кёнігсбергшчыны. Мы, канечне, вайсковых акадэміяў не канчалі, але якія-ніякія заспакойваючыя думкі на гэты конт маем.

1) Вайсковага гарнізону на Кёнігсбергшчыне, дзе жыве 1 млн чалавек, відавочна, недастаткова для такой вайсковай аперацыі, што мае закрануць амаль 3-мільённую Літву і 38-мільённую Польшчу, дзе і знаходзяцца Сувалкі.

2) Непасрэдна ў тым рэгіёне таксама не змешчана ў дастатковай колькасці расейскіх войскаў.

3) Расея, апроч Кёнігсбергшчыны, не мае наўпроставай мяжы з Літвой. У выніку напад мае праходзіць або з тэрыторыі Латвіі, што гарантавана ўцягвае ў канфлікт яшчэ і яе, або з тэрыторыі Беларусі, што таксама пад вялікім пытаннем. Дый беларускія войскі, калі і рыхтуюцца да нападу, то на Поўдзень, а не на Захад.

4) Пастаўкі ў рэгіён войскаў Балтыйскім морам, што з’яўляецца дэ-факта ўнутраным морам НАТО, арганізаваць таксама нерэальна.

5) Польшча і Літва – гэта краіны НАТО. Тут нясуць таксама дзяжурства вайскоўцы іншых краінаў, у тым ліку ЗША. Ва ўмовах калі РФ чатыры месяцы не можа даць рады з Украінай, варыянт адкрыцця чарговага фронту яшчэ і з імі выглядае малаверагодным. Асабліва з улікам таго, што найлепшыя вайсковыя часткі і тэхніка ўжо былі ў значнай ступені знішчаныя на ўкраінскіх палях.

6) Не для таго Масква адмовілася ад рэферэндуму ў Паўднёвай Асетыі, каб не злаваць Грузію, каб зараз напасці на істотна больш сур’ёзнага праціўніка.

То бок, на гэты момант у Расеі няма дастатковых сілаў і рэсурсаў для арганізацыі поўнамаштабнага ўварвання ў Літву і Польшчу. Гэта не значыць, што такіх жаданняў у Крамля няма і што такога нападу не можа быць у будучыні. Але пакуль сітуацыя не выглядае крытычнай.

Нельга, канечне, выключаць і варыянту ракетнага абстрэлу Літвы стратэгічнай авіяцыяй, каб змусіць яе адкрыць транзіт падсанкцыйных тавараў. Але гэта таксама адкрывае новы фронт і ўключае функцыю сіметрычнага адказу ўжо па расейскіх гарадах.

Так што, пакуль транзітны крызіс хутчэй будзе вырашацца дыпламатычным шляхам са спробаю правозу санкцыйных тавараў морам. Але ў будучыні, калі Расея заліжа свае раны і ў выпадку, калі яна здолее перамагчы Украіну ды яшчэ больш нагнуць рэжым у Беларусі, сітуацыя ў Сувалскім калідоры сапраўды можа накаліцца. Пакуль жа бадлівай карове Бог рогаў не даў.