Get Mystery Box with random crypto!

Сёньня Вігілія, заўтра Сьвята Божага Нараджэньня, хутка Новы г | Posłuchaj, to do ciebie

Сёньня Вігілія, заўтра Сьвята Божага Нараджэньня, хутка Новы год — галоўныя зімовыя сьвяты цывілізаванага сьвету. Няважна дзе і як вы будзеце сьвяткаваць, у пэўны момант вам захочацца паслухаць сьвяточную музыку. Думаю, што Last Christmas і розныя Jingle Bells усім ужо надакучылі, таму прапаную замяніць іх зімовымі альбомамі Lady Pank. Я разумею, што я ўжо ўсіх задзяўбаў гэтым старпёрствам, але зараз даверцеся мне. «Гэта не калядкі, як іншыя артысты запісваюць перад сьвятамі, а проста песьні, якія адносяцца да Калядаў, кажуць пра духоўнасьць, простыя, але вельмі важныя пачуцьці і эмоцыі. Іншымі словамі, зьявы, якія, незалежна ад рэлігіі або веры, унівэрсальныя і зразумелыя кожнаму», — такі тэкст можна знайсьці ў прэс-рэлізе да аднаго з выданьняў альбому, і ён лепшым чынам характэрызуе Zimowe graffiti. Гэтыя песьні, сапраўды, цудоўна спалучаюцца з калядным настроем і новымі фарбамі раскрываюць талент Яна Барысевіча і Януша Панасевіча. Альбом выйшаў у 1996 годзе, а праз два дзесяцігодзьдзя музыкі зрабілі другую плытку з новымі творамі.

А бонусам нагадаю пра годны беларускі калядны альбом. Напярэдадні сьвяткаваньня прыходу новага стагодзьдзя зьявіўся супольны праект «Сьвяты вечар» — па сутнасьці, працяг «Народнага альбому» і прадвесьнік альбому «Я нарадзіўся тут». У ім прынялі ўдзел Лявон Вольскі, Вераніка Круглова, Зьміцер Вайцюшкевіч і іншыя нашыя зоркі. Яны прасьпявалі калядныя гімны, а таксама зрабілі ўласныя сьвяточныя кампазыцыі. Напрыклад, менавіта для гэтага праекту Аляксандр Памідораў запісаў сваю знакамітую «Цуд на Каляды». Карацей, дадавайце ў плэйліст. Праўда, знайсьці цяпер запісы даволі складана, таму пераходзьце на канал-рэквіем «222 альбомы беларускага року і ня толькі», дзе ёсьць і ўсе трэкі, і сканы буклета з тэкстамі песень.