Get Mystery Box with random crypto!

Год сканчаецца, а значыць прыйшоў час абраць найлепшыя альбомы | Posłuchaj, to do ciebie

Год сканчаецца, а значыць прыйшоў час абраць найлепшыя альбомы. Калі, так бы мовіць, у сусьветным маштабе мне вельмі спадабаліся сёлетнія рэлізы, то польская музыка, хутчэй, расчаравала. Летась быў цэлы россып шыкоўных альбомаў, якія надоўга застануцца ў мяне ў плэйлісьце, а ў гэтым хіба толькі на топ-5 назьбіраў. Праўда, паказвае практыка, што празь нейкі час трапяцца рэлізы, якія я проста своечасова не заўважыў і якія вартыя былі б быць у сьпісе лепшых, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Таму, пачынаем.

5. sanah „UCZTA”

Пра Зузанну Юрчак я ўжо пісаў, таму моцна паўтарацца ня буду. Альбом „UCZTA” — адзін з найбольш пасьпяховых рэлізаў года па ўсіх паказчыках. Гэта якасная поп-музыка з добрым прадусаваньнем, запамінальнымі мэлёдыямі і прадуманымі аранжыроўкамі. Усе песьні на ім запісаныя сумесна зь іншымі польскімі выканаўцамі. Галоўны гіт — калябарацыя з Дар'яй Завялаў Eldorado. Танцавальная, але, кранальная па зьмесьце песьня — ода роднай (для sanah) і любімай (для Завялаў) Варшаве. Mokotowskie moje sny замест american dream — гэта крута! Іншы радыё-гіт — ostatnia nadzieja — яшчэ адна вельмі прыгожая і лірычная кампазыцыя ў мажорным ладзе, запісаная з галоўнай зоркай краіны Давідам Падсядлам. Варта паслухаць і паглынуцца і ў іншыя песьні. Напрыклад, Mamo tyś płakała інсьпіраваная творам «Прасьнічка» знакамітага беларускага і польскага паэта-рамантыка Яна Чачота, пакладзенага ў свой час на музыку выбітным беларускім і польскім кампазытарам Станіславам Манюшкам, а ў Tęsknię sobie, запісаную з Артурам Роекам, цытуецца адзін з галоўных рок-гімнаў Польшчы „Autobiografia” гурта Perfect. Карацей, на альбоме „UCZTA” дастаткова цікавых музычных момантаў і рэфрэнсаў. У топ-5 дакладна мусіць быць :)