Get Mystery Box with random crypto!

АДКАЗ АПАНЭНТАМ, або НЯ ВАРТА ПЛЯВАЦЬ УСЬЛЕД ГАРБАЧОВУ Сёньня | НАВУМЧЫК

АДКАЗ АПАНЭНТАМ, або НЯ ВАРТА ПЛЯВАЦЬ УСЬЛЕД ГАРБАЧОВУ

Сёньня “ўвесь савецкі народ, усё прагрэсіўнае чалавецтва” маглі б быць ахопленыя жалобай з прычыны сыходу з жыцьця прэзыдэнта СССР Міхаіла Сяргеевіча Гарбачова — нястомнага барацьбіта за ідэалы камунізму, за...

Поўны пералік якасьцяў і тытулаў пачытайце ў бібліятэках нэкралёгі па Брэжневу, Андропаву, Чарненку.

І вы моцна памыляецеся, калі ня верыце, што СССР ня мог праіснаваць да сёньняшняга дня. Мог. Яшчэ можна спрачацца, ці пратрымаў бы «сацыялістычны лягер» зь яго блёкам Варшаўскай дамовы, але наконт Савецкага Саюзу асабіста ў мяне ніякіх сумненьняў няма.

Апошнія сумневы зьніклі пасьля цяперашняй падтрымкі значнай часткай расейскага насельніцтва агрэсіі ва Ўкраіне, якая ўспрымаецца ў масавай сьвядомасьці менавіта як «зьбіраньне земляў», «выпраўленьне найвялікшай геапалітычнай катастрофы».

Праўда, заплаціць за гэтае існаваньне давялося б акіянам крыві, неверагодна жорсткім (на манер цяперашняй «спэцыяльнай апэрацыі» у Бучы) падаўленьнем руху рэспублік да незалежнасьці. У параўнаньні з чым распад былой Югаславіі з войнамі і генацыдам падаваўся б дзіцячай валтузьнёй у пясочніцы.

Так, былі і Тбілісі ў 1989-м, і Баку ў 1990-м, і Вільня ў 1991-м. Былі чалавечыя ахвяры, і Гарбачоў нясе за іх палітычную адказнасьць нават у выпадку, калі непасрэдна не аддаваў загаду генэралам. Але ня варта забывацца, што ён не аддаў загад войску і спэцслужбам «вырашыць пытаньне канчаткова», як аддаў яго ў 1989 годзе Дэн Сяопін.

А ў Гарбачова былі ўсе магчымасьці, каб сказаць «Фас!» і арміі, і КДБ — і генэралы выканалі б загад з гэткім жа натхненьнем, зь якім сёньня падаўляюць усё жывое ў Беларусі. Няўжо нехта думае, што Савецкая Армія і КДБ у канцы 80-пачатку 90-х былі больш гуманныяў, чым цяперашнія пуцінскія і лукашэнкаўскія сілавікі?

І калі сёньня я чытаю, што Гарбачоў мог абраць «кітайскі шлях», пачаўшы з эканамічных рэформаў і прытармазіўшы палітычныя — прашу прыгадаць Таньаньмэнь, дзе танкамі былі раздаўленыя сотні (па некаторых зьвестках — тысячы) студэнтаў, і не забывацца, што ў сучасным Кітаі існуюць спэцпасяленьні для «ненадзейных элемэнтаў» (напрыклад, для ўйгураў), умовы ў якіх мала чым розьняцца ад сталінскага ГУЛАГу.

Між іншым, палітычныя рэформы праз 30 гадоў пасьля пачатку эканамічных у Кітаі так і не адбыліся — усім непадзельна кіруе камуністычная партыя, а за крытыку партыйнага кіраўніцтва ссылаюць у гэтыя самыя лягеры.

Палітыка — тая ўнікальная сфэра, у якой асобу можна ацэньваць ня толькі па тым, што ён зрабіў, але і што і не зрабіў, хаця і меў магчымасьці.

Увогуле, гаворачы пра Гарбачова, мусім мець на ўвазе мінімум дзьве аксіёмы.

У сакавіку 1985 пленум ЦК КПСС ня мог абраць генэральным сакратаром ні Андрэя Сахарава, ні Валерыю Навадворскую, ні Сяргея Кавалёва. І нават ніякага камуніста, які хоць на сэкунды выявіў бы хаця б мізэрны сумнеў у правільнасьці марксісцка-ленінскай ідэалёгіі.

І другое. Цягам наступных гадоў (аж да Першага з’езду народных дэпутатаў СССР у траўні 1989-га) Гарбачоў, калі б ён выказаў такі сумнеў, быў бы імгненна зьняты з пасады калегамі па Палітбюро і ЦК ды адпраўлены, па прыкладзе Хрушчова, на пэнсію (а фактычна — пад хатні арышт).

Таму магчымасьці ў бок дыктатуры ў яго былі вялікія, а ў бок дэмакратыі — даволі абмежаваныя.

Для нас, беларусаў, вялізнай бядой застаецца Чарнобыль. Гарбачоў зьвярнуўся да савецкага народу толькі праз тры тыдні пасьля выбуху, а да гэтага людзі былі вымушаныя лавіць інфармацыю з радыёгаласоў — «Свабоды», «Голасу Амэрыкі», ВВС. Галоснасьць ня вытрымала выпрабаваньня праўдай.

Але давайце ўявім, што на месцы Гарбачова быў бы нехта іншы — скажам, былы першы сакратар Маскоўскага гаркаму, член Палітбюро таварыш Грышын (магчымасьць рэальная, пасьля сьмерці Чарненкі суткі, аж да пленуму ЦК, лімузін генсека з адпаведнай апаратурай сувязі падавалі менавіта Грышыну).

Я перакананы, што выступ пра Чарнобыль не прагучаў бы ні праз тры тыдні, ні праз тры месяцы, ні праз тры гады — як гадамі і нават дзесяцігодзьдзямі мы ня ведалі пра Сяміпалацінск ці Чалябінск.