Get Mystery Box with random crypto!

Набліжаецца чарговая (28-я ўжо) гадавіна выбараў-1994, і зноў | НАВУМЧЫК

Набліжаецца чарговая (28-я ўжо) гадавіна выбараў-1994, і зноў будуць спрэчкі — як, чаму, хто вінаваты і г.д.

Мой адказ такі: усё вызначыла нізкая нацыянальная сьвядомасьць большасьці насельніцтва і жаданьне “каб было, як у СССР”.

Папуліст можа перамагчы ў любой краіне, у тым ліку і суседніх з намі. Але ні ў Літве, ні ў Польшчы, нідзе ня мог і ня можа перамагчы той, хто выступае супраць незалежнасьці краіны.

Ня тое сумна, што Незалежнасьць была дасягнутая намаганьнямі 30-50 тысяч прыхільнікаў БНФ у Менску і рэгіёнах (0,5% насельніцтва) — рэвалюцыю заўсёды робіць актыўная меншасьць (у 1989 у Чэхаславакіі на плошчы было 150 тысяч, гэта 1%}. Дрэнна тое, што бодьшасьць насельніцтва цягам 1991-1993 так і не ўсьвядоміла важнасьці існаваньня сувэрэннай дзяржавы.

За некалькі гадоў адноснай дэмакратыі (1991-1993) нацыянальныя сілы зрабілі неверагодныя высілкі, каб каштоўнасьць Незалежнасьці ўсьвядомілі як мага больш людзей — але гэта было цяжка ва ўмовах манапалізацыі СМІ Кебічам, які ўжо ў 1992 “раскаяўся” у тым, што ў 91-м падтрымаў Незалежнасьць.

І тым ня менш — быў створаны падмурак дзяржаўнасьці (уласнае войска, уласная мытня і памежная служба, уласная грашовая сыстэма), Беларусь заявіла пра сябе на міжнароднай арэне як краіна, якая крочыць у сям’ю
цывілізаваных народаў, адчыняліся беларускія школы, выходзілі беларускія кніжкі, вярталіся зь нябыту імёны белускіх патрыётаў.

Толькі гэта не цікавіла большасьць насельніцтва і не ўспрымалася ніякім дасягненьнем. Яны палівалі брудам БНФ і «эту вашу независимость» — тое, што Незалежнасьць ратуе іх дзяцей і ўнукаў ад гібелі ў “гарачых кропках”, (пра што мы ўвесь час казалі) было занадта складана для іх разуменьня.

Літоўцы ва ўмовах эканамічнай блакады Крамля правялі дзьве зімы ў халодных кватэрах — абы захаваць незалежнасьць. У беларусаў сытуацыя ў 1991-1994 была непараўнальна лепшае (і ня трэба экстапаліраваць расейскія пужалкі пра “ліхія 90-я” на Беларусь. Не было ў нас такога разгула крыміналу, як у РФ, і масавага голаду не было. Жылі - так, не багата (як заўсёды і бывае ў пераломны час, гэта прайшлі тая ж Літва, і Подьшча, і іншыя краіны).

Патрабавалася яшчэ 5-6 гадоў парламннцкай дэмакратыі — і ніякія лукашэнкі ўжо не маглі б вярнуць краіну ў расейскае стойла.

І тут узьнікае пытаньне пра адказнасьць палітыкаў. “Маладыя ваўкі” вырашылі згуляць на настальгічных пачуцьцях — Незалежнасьць і нацыянальныя каштоўнасьці ў якасьці пастулатаў яны не ўспрымалі (“Суверенитет не есть икона, на которую нужно молиться» — Булахаў). Гэта супала з інтарэсамі спецслужбаў РФ, якія ўжо пачыналі весьці адрозную ад Крамля гульню і паставілі на афіцэра памежных войскаў КГБ, у свой час камісаванага з прычыны псіхічнага нездароў’я і таму кіруемага.

Нягледзячы на супраціў БНФ, было ўведзена прэзыдэнцтва. І ўжо
ніякія камбінацыі, ніякія кааліцыі не маглі прадухіліць абраньне насельніцтвам “нашыва Сашы”, які паабяцаў ўсё вярнуць “как в СССР”.

Маладыя павінны ведаць, а мае равесьнікі ўзгадаць, што ўвесь 1993 год па дзяржаўных СМІ (і ў Менску, і ў рэгіёнах) ішла шалёная прапаганда супраць Незалежнасьці, за саюз з Расеяй, і перад выбарамі 1994 яна дасягнула піку.

Фактычна, дзяржСМІ працавалі на Лукашэнку, на ягоныя ідэі саюзу з Расеяй, якія ён дэкляраваў значна больш гучна і энэргічна, чым Кебіч (“Я готов на коленях ползти в Россию»).

На выбарах 1994 той, хто выступаў (ці выступіў бы) з пазыцыі Незалежнасьці і нацвянальных каштоўнасьцяў, ня меў ніякага шанцу. Толькі — за аднаўленьне СССР, мінімальна - за “дружбу с великой Россией, без которой нам не прожить».

Ці сёньня ўсьведамляе большасьць насельніцтва (хаця б 50% плюс адзін голас) Незалежнасьць як каштоўнасьць? Сумняюся, што 28 гадоў лукашызму гэтаму спрыялі. А калі ўлічыць, што сучаснасьць ставіць знак роўнасьці паміж Незалежнасьцю і анты-расейскаімпэрскасьцю — баюся, што сёньня ў выпадку нават свабодных прэзыдэнцкіх выбараў (да якіх заклікаюць некаторыя) людзства ізноў прагаласуе за Лукашэнку 2.0 — прарасейскага і антынацыянальнага (што і паказаў пачатак прэзыдэнцкай кампаніі 2020-га).