Get Mystery Box with random crypto!

ЯШЧЭ РАЗ ПРА «ГВАЛТОЎНУЮ БЕЛАРУСІЗАЦЫЮ». Адметнай якасьцю шмат | НАВУМЧЫК

ЯШЧЭ РАЗ ПРА «ГВАЛТОЎНУЮ БЕЛАРУСІЗАЦЫЮ». Адметнай якасьцю шмат каго з тых, хто пачаў цікавіцца палітыкай і далучыўся да грамадзкага жыцьця ў 2020-м, было і цяпер застаецца перакананьне, што галоўнай памылкай БНФ у пачатку 90-х была «беларусізацыя»; некаторыя нават пішуць, што гэта Пазьняк «сваёй гвалтоўнай беларусізацыяй прывёў да ўлады Лукашэнку» (дакладная цытата з аднаго допісу).

Давайце разьбірацца.

Закон аб мовах, прыняты ў студзені 1990 Вярхоўным Саветам БССР яшчэ 11-га скліканьня, дзе сярод больш як 500 дэпутатаў быў толькі адзін прадстаўнік Народнага Фронту — член Сойму БНФ Васіль Быкаў — прадугледжваў паступовы пераход на беларускую мову дзяржаўных служачых і супрацоўнікаў сфэры гандлю, абслугоўваньня і г.д. — як вы думаеце, праз колькі гадоў? Праз 10. Праз дзесяць гадоў.

10 гадоў паступовага пераходу — гэта «гвалтоўная» беларусізацыя? (Між іншым, у сваіх інтэрвію Быкаў казаў, што гэта занадта шмат, трэба было рабіць карацейшы тэрмін).

БНФ і яго дэпутаты ў Вярхоўным Савеце, канешне, былі за выкананьне гэтага закону. Але вось якая цікавая рэч. Працуючы над сваімі кнігамі пра пэрыяд нацыянальнага адраджэньня, я спэцыяльна шукаў у стэнаграмах выступ старшыні БНФ і старшыні Апазыцыі БНФ у ВС-12 Зянона Пазьняка, прысьвечаны беларускай мове.
І не знайшоў. Выступы, дзе ўзгарваецца важнасьць мовы для нацыі ці важнасьць выкананьня Закону аб мовах, ёсьць, але вось каб спэцыяльна прамова была прысьвечаная гэтай тэме — не. Агаваруся, аднак, што ў мяне ёсьць ня ўсе стэнаграмы сэсіяў, магчыма якраз на тым пасяджэньні, стэнаграмы якога ў мяне няма, такі выступ быў. Праўда, я яго ня памятаю.

Гэта — за шэсьць гадоў працы Вярхоўнага Савета. І за гэты ж час — літаральна некалькі (менш дзясятка) выступаў дэпутатаў Апазыцыі БНФ, прысьвечаных мове (пераважна — членаў Камісіі ВС па культуры, адукацыі і захаваньні гістарычнай спадчыны).

99,99% выступаў дэпутатаў Апазыцыі БНФ былі прысьвечаныя эканоміцы (пяць эканамічных праграм з 1990 па 1995 г.), а таксама — дасягненьню, а затым умацаваньню Незалежнасьці, заканадаўчаму стварэньню падмуркаў дзяржаўнасьці (уласныя грошы, войска, мытня, памежная служба — усё гэта было створана да Лукашэнкі).
Некалькі гадоў таму я зьвярнуўся з просьбай даць мне хоць адзін прыклад, калі б зь дзяржаўнай установы ў 1990-95 гг. быў звольнены хоць адзін чалавек з-за няведаньня беларускай мовы; так і не дачакаўся. Можа быць, вы ведаеце? (Прыкладаў, калі пасьля 1994 людзей зьбівалі ў горкі яблык за тое, што яны размаўлялі па-беларуску — безьліч).

Цяпер пра выбары 1994. Працуючы над кнігай «Дзевяноста чацьвёрты» (практычна цалкам прысьвечанай выбарам), я са зьдзіўленьнем убачыў, што ў надрукаваных праграмах Лукашэнкі... не было пункту пра наданьне статусу дзяржаўнага рускай мове. Я памятаю, што недзе ён пра гэта казаў, але дзе — так і ня высьветліў.

Але гэта паказальна: пытаньне рускай мовы не было сярод прыярытэтных ці колькі-небудзь балючых, бо рускую мову нідзе і ніхто не прыгнятаў.

Некалькі гадоў таму я зьвярнуўся з просьбай даць мне хоць адзін прыклад, калі б зь дзяржаўнай установы ў 1990-95 гг. быў звольнены хоць адзін чалавек з-за няведаньня беларускай мовы; чакаю прыкладу аж па сёньня. Не сумнявайцеся: калі б ён быў, яго б растыражавалі ў афіцыйнай прэсе, зрабілі хрэстаматыйным. (Прыкладаў, калі пасьля 1994 людзей зьбівалі ў горкі яблык за тое, што яны размаўлялі па-беларуску — безьліч).

Я ўжо пісаў, што 1-га верасьня 1993-га 80 % першаклясьнікаў пайшлі ў беларускамоўныя класы — і пры гэтым у профільную камісію ВС не прыйшло НІВОДНАЙ скаргі ад бацькоў! Беларускі народ прыхільна ўспрыняў вяртаньне да нацыянальных каранёў.

Былі толькі дзьве групы, якія раздувалі (да пэўнага часу безвынікова) тэму наданьння рускай мове статусу дзяржаўнай (што нават у тых умовах азначала вяртаньне беларускай мовы ў гета): лідарка філіялу расейскай партыі «Яблык» Вольга Абрамава і выдавец Аляксандар Патупа, а таксама — жонкі афіцэраў былой Савецкай Арміі, якія былі выведзеныя ў Беларусь з былой ГДР (тысячы, ці нават некалькі дзясяткаў тысяч сем’яў; гэтыя проста адмаўляліся вучыць беларускую мову).