Get Mystery Box with random crypto!

Яшчэ раз паўтару: каб ісьці далей, трэба прызнаць, што Лукашэн | НАВУМЧЫК

Яшчэ раз паўтару: каб ісьці далей, трэба прызнаць, што Лукашэнка перамог. Дакладней — рускі фашыст Пуцін рукамі свайго халуя Лукашэнкі перамог у Беларусі. Ад ўсьведамленьня гэтай ісьціны найперш тымі, хто называе сябе лідэрамі — залежыць, ці перамога гэтая будзе часовай і толькі на некалькі бліжэйшых гадоў — ці яна будзе на дзесяцігодзьдзі (для людзей сярэдняга і старэйшага веку гэта значыць — вечнай).

Лідэры павінны прызнаць памылковасьць тактыкі “падабацца ўсім” (найперш — Маскве), — прымененая ў 2020, яна вельмі дорага каштавала Беларусі. Беларусь заплаціла за гэтую “тактыку” разгромам амаль ўсяго нацыянальнага, што назапашвалася ў апошнія 35 гадоў.

Лідэр не павінен “чакаць, калі сасьпее грамадзтва”. Калі б у свой час БНФ начале з Пазьняком ня вылучылі б Незалежнасьць як асноўную мэту (што было ўспрынята значнай часткай насельніцтва “радыкалізмам” і “нацыяналізмам”), — Беларусь засталася б у складзе РСФСР (так, адзіная з усіх саюзных рэспублік; тыя, хто палітычна дзеіў у той час, ведае, што для гэтага былі ўсе перадумовы, найперш — цалкам прамаскоўскае кіраўніцтва БССР).

Лідэры мусяць ставіць перад грамадзтвам стратэгічныя мэты —і тлумачыць, чаму гэта важна і як гэтага трэба дасягнуць, і імкнуцца гэтага дасягнуць. Хай бы нават грамадзтва гэта спачатку і адрынала. Хай бы нават гэта не падабалася і заходнім палітыкам (вось ужо на каго зважаць ня варта — у апошнія дзесяцігодзьдзі яны вырадзіліся ў палітычных пігмеяў, узгадайце іх намаганьні ў 1990-91 па захаваньню СССР ці ганебныя паводзіны ў 2014 Абамы — кіраўніка краіны, якая падпісала Будапэшцкі мэмарандум з гарантыямі Кіеву). Сварыцца зь імі ня варта, але і ў рот гладзець ня трэба.

Два пастулаты, якія трэба ўсьвядоміць і дэкляраваць: Расейская імперыя — экзістэнцыйны вораг Беларусі (г. зн., сьмяротны вораг); беларуская мова — падмурак беларускай Незалежнасьці, без яе дзяржаву непазьбежна чакае сьмерць.

Я два разы ў адным сказе ўжыў слова “сьмерць” — але што зробіш, час такі. Не да прыгожых слоў.