Get Mystery Box with random crypto!

Папярэдняя выснова з першага этапу расейска-украінскай вайны ( | НАВУМЧЫК

Папярэдняя выснова з першага этапу расейска-украінскай вайны (у якім Масква, хаця і заняла частку тэрыторыі, але не дасягнула першачарговых мэтаў і блізка) — так званае «беларускае» войска не пратрымалася б і аднаго дня.

Ваенная дактрына Беларусі падвёрстаная пад дактрыну маскоўскага Генштабу. Войска РБ 30 гадоў будавалася па мадэлі расейскага: камандзіры вучыліся ў маскоўскіх акадэміях, зброя і тэхніка пастаўляліся з Расеі, выхаваўчая праца ў салдацкім асяродзьдзі таксама ішла па расейскай мадэлі (спрошчана кажучы, «пуля — дура, штык — молодец»).

Толькі ўсё гэта — у ваенна-тэхнічным сэнсе ў разы горш, чым у Расеі, бо Масква дзейнічае па прынцыпу «На табе, Божа, што нам нягожа».

А галоўнае — у «беларускім» войску не гучыць беларускае слова. Так, гэта галоўнае. Бо нацыянальная сьвядомасьць — гэта тое, на чым заўсёды трымаецца баявы дух арміі, і падзеі ва Ўкраіне гэта даказалі.

І сёньня, як ніколі раней, мы можам адчуць, які катастрафічны, фатальны вынік меў праведзены Лукашэнкам «рэфэрэндум» 1995 года пра мову, Сьцяг і Пагоню. Ён пераламаў хрыбет нацыі. Нацыя яшчэ жыве, але яна ня здольная супраціўляцца і тым больш перамагаць.

У вайне з Расеяй «беларускае» войска здалося б Маскве цягам гадзіны — маю на ўвазе падаўленьне супраціўленьня асобных асобных камандзіраў-патрыётаў, бо генэралітэт спрэс прарасейскі, яны сьпяць і бачаць расейскія зарплаты і расейскія пэнсіі, яны адразу прысягнуць на вернасьць Маскве і ўздымуць над Менскам расейскі сьцяг.

Усё, што можа «беларускае» войска — гэта абараняць дыктатара ад народа і быць халопам у войска расейскага, умоўна кажучы, падносіць яму ракеты, якімі агрэсар страляе ў суседні народ, які яшчэ ўчора называлі «братнім».

Беларускім (ва ўсіх сэнсах) войскам (таксама ва ўсіх сэнсах) зьяўляюцца падразьдзяленьні з беларусаў, якія цяпер гераічна ваююць ва Ўкраіне з расейска-фашысцкімі захопнікам.

І калі Беларусь вызваліцца з-пад расейскай акупацыі, менавіта яны будуць здольныя стварыць сапраўднае войска незалежнай беларускай дзяржавы.