Get Mystery Box with random crypto!

ФАКТАРЫ АНТОНЧЫКА І СІЎЧЫКА. У працяг дыскусіі пра верагоднась | НАВУМЧЫК

ФАКТАРЫ АНТОНЧЫКА І СІЎЧЫКА. У працяг дыскусіі пра верагоднасьць перамогі ў жніўні 2020 і характар пратэстаў (мірны ці ня мірны). Агульнапрыняты аргумэнт супраць тых, хто ставіць пад сумнеў абраную лідэрамі тактыку масавых дзеяньняў — «А калі б пачалі рваць на часткі сілавікоў, штурмаваць адміністрацыйныя будынкі, будаваць барыкады — Пуцін увёў бы ў войскі».

Падаецца, гэта — падмена паняцьцяў, абвінавачваньне апанэнта ў тым, што ён не казаў. Заняць будынак — гэта не абавязкова браць яго штурмам. Блякаваць сілавікоў — не абавязкова рваць іх на часткі (пра гэта, між іншым, ніхто і ня казаў, ва ўсякім разе я такога ня чуў; а вось наконт таго, што павінна быць пасьля падзеньня рэжыму — чую пастаянна). Ну і барыкады не абавязкова рабіць зь экспрапрыяваных у грамадзянаў перакуленых аўтамабіляў.

Нарэшце, Пуцін. Мы забываемся, што некалькі дзён пасьля 9 жніўня Пуцін маўчаў — і сілавікі маўчалі. Сілавікі чакалі, што скажа Пуцін. Абсалютна ясна, што калі б Пуцін пазваніў ЛЮБОМУ беларускаму генэралу і сказаў — «Я полагаю, что в эти критические дни Вы, генерал, должны быть с народом» — у лепшым для Лукашэнкі варыянце лайнер унёс бы яго ў блакітныя нябесныя прасторы (надвор’е ў тыя дні, памятаецца,было лётным).


І тут я цалкам згодны з Паўлам Мацукевічам, які ў інтэрвію «Салідарнасьці» сказаў, што «Если бы хотя бы один из топов, вроде Владимира Макея дрогнул, могла рассыпаться вся пирамида Хеопса. Из топов Сергей Румас, похоже, был ближе всех к тому, чтобы дрогнуть». І далей: «Поддержка режима Владимиром Путиным сыграла, наверное, решающую роль для топов».

То бок, тут шмат залажыла ад тактыкі, абранай пратэстоўцамі. «Топы» мусілі бачыць Плошчу.

Дазволю сабе яшчэ адну цытату, гэтым разам пісьменьніка Дзьмітрыя Бартосіка: «Калі вы крычыце „Кожны дзень!“, а выходзіце толькі ў нядзелі, гэта няправільна. Але не! У нядзелі мы робім прыгожыя плакаты, гламурныя лозунгі, а ў панядзелак мы ідзем на працу. Гэта не „кожны дзень“. І не „кожны дзень“, а „каждый день“. Можаце называць мяне старым дурным бээнэфаўцам, але не. Тады крычыце: „Воскресенье, воскресенье!“. Актыўнай фазы не было».

Мне (як і іншым, хто калісьці казаў, што 150 тысяч людзей на Плошчы цягам трох дзён зваляць рэжым) давялося чуць папрокі — «Ну, і дзе вашае «зваленьне рэжыму»?

Пры гэтым забываюцца, што гаворка ішла не пра «выйшлі і разышліся», а — «выйшлі і засталіся».


Ужо тады, пасьля 12 жніўня (важнае ўдакладненьне: кажучы пра тактыку пратэстаў, я маю на ўвазе менавіта дні пасьля 12-га, калі пачалі выпускаць з Акрэсьціна і РАЎСаў, калі народ вывела на вуліцы ня столькі фальсыфікацыя на «выбарах», колькі абурэньне катаваньнямі з боку сілавікоў, і людзей было ў разы болей, чым непасрэдна пасьля «выбараў») — дык вось, ужо ў тыя дні шмат хто пісаў: «Ня трэба разыходзіцца! Трэба заставацца!».

Адразу заўважу, каб запазьбегчы папрокаў у «лёгка раіць з-за мяжы»: пісалі людзі, якія былі ў Беларусі і якія самі выходзілі. Але, відаць, успрыняць такія заклікі людзі маглі ТОЛЬКІ ад тых, хто зрабіўся сімваламі пратэстаў.

Мне кажуць: лідэраў не было. Ну як жа —"не было«? Ды зайдзіце ў Інтэрнэт, у жнівіень 2020 пачытайце, хто пазыцыянаваў сябе як лідэры (ужо пасьля тао, як Ціханоўская была вывезеная ў Літву). Ніхто зь іх на звароты беларускіх ды замежных журналістаў не адказаў — «Не, прабачце, я тут ні пры чым, да ўсяго, што адбываецца, я адносінаў ня маю, ідзіце пытайцеся ў іншых».

І хто тады вызначаў месца збору людзей, хто кіраваў сотысячнымі калонамі, хто выпрацоўваў маршрут, хто даваў каманду, каб разыходзіліся? І чаму не прагучала каманда — каб не разыходзіліся?

Вось толькі не кажыце мне, удзельніку шматтысячных шэсьцяў і вядоўцу шмат якіх мітынгаў пачатку 90-х, што ўсё адбывалася спантанна. Гэтак не бывае.

Калі я ўзгадваю, што да дзейнасьці Кансультацыйнай Рады не былі прыцягнутыя (за выключэньнем двух-трох) прафэсійныя палітыкі, мне прыгадваюць правальны праймэрыз і падобнае: і на што здольныя гэтыя вашы палітыкі?

Але я маю на ўвазе ня ўдзельнікаў праймэрыз, а тых, у каго за плячыма вопыт куды большы. (заканчэньне ніжэй).