Get Mystery Box with random crypto!

'Лёс Беларусі і яе будучы статус у значнай ступені залежаць ад | Думаць Беларусь

"Лёс Беларусі і яе будучы статус у значнай ступені залежаць ад Украіны"

— Ці можа быць так, што заявы Лукашэнкі і Макея аб немагчымасці перамоваў пра гарантыі бяспекі без Беларусі выкліканыя ўнутранымі прычынамі? Мне, напрыклад, здаецца, што гэта адзіная магчымасць у цяперашняй сітуацыі вывесці з Беларусі расейскія войскі. І цяпер вывад войскаў РФ з Беларусі і лёс мінскага рэжыму ў значнай ступені залежаць ад Украіны. Калі яна згодзіцца зрабіць Беларусь гарантам сваёй бяспекі, то расейскія войскі павінны быць выведзеныя з Беларусі. Выглядае, што сам Лукашэнка зрабіць гэта ўжо не ў стане.


— Думаю, што ў значнай ступені гэта так. Лёс Беларусі і яе будучы статус у значнай ступені залежаць ад Украіны і яе пазіцыі па Беларусі. І тут інтарэс Украіны можа палягаць не ў тым, каб увесці Беларусь у лік гарантаў сваёй бяспекі, бо сапраўды гэта даволі смешна ва ўмовах, калі Беларусь не кантралюе сваю тэрыторыю і не мае вайскова-стратэгічнай незалежнасці.

Але Украіна можа патрабаваць ад Расеі і Беларусі, якая з’яўляецца саўдзельнікам агрэсіі, гарантыяў ненападу на сваю тэрыторыю з тэрыторыі Беларусі. Гэта значыць, гарантыяў таго, каб ніякія замежныя войскі не знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі. Вось гэтага Украіна можа патрабаваць у якасці аднаго з пунктаў перамоваў. І гэта для Украіны было б лагічна ў сэнсе бяспекі.

А для Лукашэнкі і Макея гэта важны пункт, бо знаходжанне расейскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі дэ-факта будзе азначаць паступовае паглынанне. І незалежнасць Беларусі, пакуль на яе тэрыторыі знаходзяцца расейскія войскі, гэта такая фармальная незалежнасць. Частка кіравання належыць Мінску, але ён у значнай ступені абмежаваны прысутнасцю расейскіх войскаў.

І гэта будзе большая пагроза, чым нафтагазавы кранік, які выкарыстоўваўся раней. Фізічная прысутнасць войскаў Расеі і яе вайсковых базаў можа быць дамоклавым мячом над галавой рэжыму Лукашэнкі. Калі ён, скажам, адыдзе ад саюзных праграмаў інтэграцыі трошкі ўбок, то меч можа быць задзейнічаны.