Get Mystery Box with random crypto!

Андрэй Ягораў: Удзелам у перамовах аб міры ва Украіне Лукашэнк | Думаць Беларусь

Андрэй Ягораў: Удзелам у перамовах аб міры ва Украіне Лукашэнка хоча захаваць кантроль над Беларуссю

Чаму Лукашэнка захацеў стаць гарантам бяспекі Украіны, будучы саўдзельнікам агрэсіі? Гэта інтрыга Расеі ці ўнутрыбеларускія расклады? Якімі могуць быць дачыненні Беларусі і Украіны пасля вайны?

Пра гэта і іншае ў інтэрв’ю "Свабодзе" разважае палітолаг Андрэй Ягораў.

"Лукашэнка адчайна імкнецца вярнуць сабе міжнародна-прававую суб’ектнасць"

— Чаму, на вашу думку, Лукашэнка захацеў стаць гарантам бяспекі Украіны? Само па сабе гэтае жаданне выглядае, мякка кажучы, экстравагантна. Ён даў Расеі тэрыторыю для атакі супраць Украіны, менавіта тыя расейскія часткі, якія заходзілі ва Украіну з тэрыторыі Беларусі, здзейснілі найбольш жудасныя ваенныя злачынствы пад Кіевам. Пасля гэтага жаданне стаць гарантам бяспекі выглядала б камічна, каб сітуацыя не была такая трагічная. Ці можа гэта быць прыхамаццю Расеі, яе жаданнем легалізаваць свайго васала?

— Я думаю, што за словамі "стаць гарантам бяспекі Украіны" хаваецца не жаданне сапраўды даць нейкія гарантыі бяспекі. Бо відавочна, што Беларусь не кантралюе сваю тэрыторыю, з яе тэрыторыі ажыццяўляецца агрэсія. За гэтым хаваецца толькі адно: жаданне быць часткай перамоваў, якія вядуцца па Украіне цяпер і якія абавязкова будуць у будучыні. Калі Лукашэнка трапіць туды ў нейкім афіцыйным статусе, ён гарантуе сабе міжнародна-прававую суб’ектнасць і кантроль за краінай. Бо цяпер рэгіянальная сістэма бяспекі разбураная, яна будзе пераўладкаваная ў будучыні, і яму трэба туды трапіць.

Ускосна гэта цягне за сабой пытанне незалежнасці Беларусі. Удзел Беларусі ў гэтых перамовах у суб’ектным статусе дае і большыя гарантыі ўтрымання беларускай незалежнасці, хоць і пад кантролем Лукашэнкі.

"Беларусь не з’яўляецца акупаванай краінай"

— Ці згодныя вы з тэзай, што Беларусь сёння акупаваная расейскімі войскамі? Што, на вашу думку, было напярэдадні пачатку вайны, калі міністр замежных спраў Макей абяцаў поўны вывад расейскіх войскаў з Беларусі, калі міністр абароны Хрэнін запэўніваў свайго ўкраінскага калегу, што нападу з Беларусі не будзе, і калі кіраўнік памежнага камітэту Беларусі Лапо абяцаў кіраўніку памежнай службы Украіны Дайнеку, што праз мяжу не прапусцяць ніводнага ўзброенага чалавека? Што гэта было? Яны ведалі і хлусілі? Ці не ведалі?

— Яны маглі і не ведаць, іх маглі паставіць перад фактам у тую ж раніцу, калі ўсё пачалося. Чаму? Таму што Беларусь у вайскова-стратэгічнай сферы ніколі не мела поўнай незалежнасці. Ва ўсіх каментарах, якія я даваў раней, гэта было галоўнай тэзай: калі Расеі спатрэбіцца выкарыстанне беларускай тэрыторыі для агрэсіўных планаў, яна гэта зробіць, а Лукашэнка не зможа ніяк гэтаму запярэчыць.

Гэта трэба было ўлічваць, а не спадзявацца на нейкія цуды, не думаць, што жаданне Лукашэнкі захаваць сваю ўладу можа быць перашкодай для ўвядзення расейскіх войскаў. Вось цяпер гэта адбылося, і войска Беларусі, і сам Лукашэнка супраціўляцца не маглі, бо гэта азначала б страту кантролю за сваёй тэрыторыяй.

Але страта кантролю за сваёй тэрыторыяй не азначае цалкам страты суверэнітэту і акупацыі. Акупацыя ў міжнародным праве мае яснае азначэнне. У выпадку акупацыі замежная дзяржава або яе армія мае кантроль над цывільнай адміністрацыяй на тэрыторыі іншай краіны. Таму цяпер у нас няма акупацыі ў поўным значэнні гэтага слова. Бо паўнамоцтвы адміністрацыі Беларусі распаўсюджваюцца на ўсе сферы жыцця, апроч выкарыстання тэрыторыі замежнымі войскамі. А тыя войскі ў іншыя сферы не ўмешваюцца. Яны не маюць ні паліцэйскіх задач, ні гаспадарчых, яны проста выкарыстоўваюць тэрыторыю.

Акупацыя, такім чынам, гэта больш моцны тэрмін, пакуль што ён не адпавядае наяўнай сітуацыі. Але акупацыя — гэта тое, што можа чакаць Беларусь. Можа здарыцца так, што адміністрацыя Беларусі будзе цалкам і наўпрост кантралявацца расейскай адміністрацыяй, калі з Масквы будзе дыктавацца палітычная воля. Вось тады гэта будзе акупацыя.

Так што пакуль мы акупацыі не маем. Можна казаць, што Беларусь сёння з’яўляецца саўдзельнікам агрэсіі супраць Украіны, бо тэрыторыя Беларусі выкарыстоўваецца для нападу.