Get Mystery Box with random crypto!

Да ўчарашняга вечара я хадзіў на рок-канцэрты... чатыры разы. | Martsinovich Theatre

Да ўчарашняга вечара я хадзіў на рок-канцэрты... чатыры разы. Двойчы на кватэрнікі ў Мінску, адзін раз ездзіў у Ліду на "Лідбір", а летась жонка зацягнула мяне на канцэрт "Акеана Эльзы" ва Львове.

Чатыры разы, бо не люблю фармат. Калі мне падабаецца музыка, дастаткова паслухаць яе ў навушніках (оперныя і філарманічныя канцэрты не лічу).

Учора пайшлі з жонкай на спектакль "За што", які ставілі звольненыя гродзенскія акцёры пра "ноч расстраляных паэтаў" - вельмі патрэбны асветніцкі праект для беларускай аўдыторыі. А потым ішоў канцэрт Анастасіі Шпакоўскай. Ладна, падумаў я, не падабаецца, сыду. Жонка была гатовая адпусціць дадому) Але незаўважна для сябе дасядзеў да канца і выйшаў у поўным захапленні.

Ад музыкі, ад тэкстаў (чаго варта думка, што калі мерцвякі пачынаюць кіраваць, то жывыя вымушаныя класціся на іх месца ў магілы), ад артыстызму і харызмы Шпакоўскай.

Дзесьці ў сярэдзіне дзясятых гадоў я паглядзеў усе спектаклі Горкаўскага тэатра, таму цудоўна ведаю яго ўзровень. Пасля ўчарашняга канцэрта зразумеў, што на Шпакоўскай можна было рабіць стаўку, што яна б пацягнула і выцягнула самыя розныя ролі. Але не здарылася і не адбылося.

Магчыма, тады не з'явіўся б гурт NAKA. Але і беларускі тэатр быў бы іншы.