Get Mystery Box with random crypto!

Рэспубліканскаму тэатру беларускай драматургіі, колішняй “Воль | Martsinovich Theatre

Рэспубліканскаму тэатру беларускай драматургіі, колішняй “Вольнай сцэне” – 30.

Першае знаёмства з ім памятаю добра. У 2008-м прыйшоў на прэм’еру спектакля “Каласы пад сярпом тваім” – і страшэнна расчараваўся. Напісаў адмоўную рэцэнзію – святая справа! – і горда вырашыў у гэты тэатр не хадзіць)) (дарэчы, гэта была мая першая рэцэнзія пра спектакль драматычнага тэатра)

Пантоў хапіла ненадоўга. І вось ужо сяджу у залі на Крапоткіна і гляджу “Чайку”. Заднім чыслом разумею, што да гэтай пастаноўкі можна выказаць пэўныя прэтэнзіі. Але я выйшаў у захапленні. “Якую па ліку “Чайку” ты глядзеў?” – спытала ў мяне адна крытык. “Першую!” – горда адказаў я і па яе позірку зразумеў, што нешта не так.

Але калі сур’ёзна, то менавіта пасля “Чайкі” я пачаў сістэматычна глядзець увесь рэпертуар тэатра, а таксама сачыць за новымі ралямі Людмілы Сідаркевіч, Веранікі Буслаевай (яе роля ў “Чайцы” мне – як гледачу – тады спадабася найбольш) і Ігара Сігова, якія ўвасаблялі ў тым спектаклі галоўных герояў.

Час “Вольнай сцэны” (дзевяностыя гады) і рэжысёра Валерыя Мазынскага я не застаў, бачыў толькі некалькі ацалелых да таго часу спектакляў, таму знаёмства пачалося з часоў Валерыя Анісенкі.

Паспеў паглядзець больш за 20 спектакляў, пастаўленыя ў часы яго кіраўніцтва тэатрам як ім самім, так і іншымі рэжысёрамі.

Звышкасавую “Адэль” – казалі, што гледачы хадзілі на яе неаднаразова. “Чарнобыльскую малітву”, з якой выходзіў агаломшаны ад матэрыяла Святланы Алексіевіч (кнігу пачытаў пазней). “Адвечную песню”, якая прымушала пераасэнсаваць творчасць Янкі Купалы і перачытаць яго творы. Пластычны спектакль “Неба ў дыямантах” (даўно не чуваць Паўла Адамчыкава), наватарскую “Сталіцу Эраўнд” і нават спектакль па п’есе Паўла Пражко – праўда “Калі скончыцца вайна” цяжка назваць асаблівай удачай. Калі дадаць “Жанчыны Бергмана”, убачаныя пазней на відэа, то ўяўленне пра той перыяд я атрымаў.

Наступны перыяд у жыцці РТБД (звязаны з асобай мастацкага кіраўніка Аляксандра Гарцуева) пачаўся для мяне са спектакля “Дажыць да прэм’еры”. Ох, як я рагатаў! Ад душы, да болю ў жываце. Застаўся ў неверагодным захапленні і дагэтуль шкадую, што рэжысёр гэтай пастаноўкі Павел Харланчук сышоў з рэжысуры (мне казалі, на тое паўплываў досвед пастаноўкі МакДонаха ў Купалаўскім, але тое чуткі).

У дзясятых таксама былі спектаклі Аляксандра Гарцуева, “Ціхі шэпат сыходзячых крокаў” па п’есе Дзмітрыя Багаслаўскага, дакументальная пастаноўка “Мабыць?” Аляксандра Марчанкі, праекты Цэнтра беларускай драматургіі (як іх часам глядзеў, але можна было больш і часцей), але галоўнае – спектаклі Яўгена Карняга. “Бетон” і асабліва “Шлюб з ветрам” адкрылі мне сапраўдны РТБД і паказалі той узровень, якога тэатр варты.

Усяго гэты цудоўны калектыў выпусціў больш за 125 пастановак. Я глядзеў больш за 50, і мне мала)

З народзінаў, РТБД! Каб усё вярнулася, а ты – квітнеў!