Get Mystery Box with random crypto!

Пра канкурэнцыю й супольную базу фільмаў/сэрыялаў Вітаем, ш | Лагодны Цмок | Гледзіва па-беларуску

Пра канкурэнцыю й супольную базу фільмаў/сэрыялаў

Вітаем, шаноўнае спадарства!

Апроч Лагоднага Цмоку, сёньня йснуе некалькі ініцыятываў, што займаюцца перакладамі фільмаў і сэрыялаў на беларускую мову: Гаварун, Кінаконг, Anibel, Belmovie (калі мы забыліся пра нейкія ініцыятывы — калі ласка, дашлеце спасылкі на іх у камэнтарох). Таксама яшчэ ёсьць тг-канал КІнакіпа і сайт Baravik.org, дзе сабрана багата агучаных фільмаў па-беларуску.

Мы разглядаем йіншыя ініцыятывы ня як канкурэнтаў, а як сяброў, бо мы ўсе працуем на ніве адраджэньня й пашырэньня беларускае мовы. Кажная ініцыятыва вельмі стараецца й робіць усё для таго, каб беларусы мелі магчымасьць глядзець самы разнастайны кантэнт на роднай мове. Мы шчыра ўдзячныя кажнаму ўдзельніку кажнае ініцыятывы й хочам, каб такіх ініцыятываў было яшчэ больш!

Для таго каб нашая супольная праца была больш плённай і карыснай, мы хочам стварыць супольную базу фільмаў/сэрыялаў, над перакладам/агучваньнем якіх ужо йдзе работа.

З дапамогаю гэтае базы кажны ахвоча зможа:

• даведацца, дзе й што ўжо перакладаецца на беларускую мову, якая дапамога патрэбная — фінансавая, прафэсійная (перакладнікі/рэдактары/дабэры й г.д.) ці нейкая йіншая

• падумаць, ці варта яшчэ раз перакладаць тое, што ўжо перакладаецца, калі йснуе забагата годных фільмаў/сэрыялаў, якія яшчэ ніколі ніхто не перакладаў на нашую мову

• прапанаваць сваю дапамогу йіншым суполкам, каб злучыць моцы й разам зрабіць якасны пераклад/агучваньне нейкага годнага фільму/сэрыялу

Шаноўныя кіраўнікі йіншых ініцыятываў!

Калі вам падабаецца нашая йдэя й вы гатовыя далучыцца да стварэньня супольнае базы — калі ласка, напішэце нам пра гэта ў хорму зваротнае сувязі або ў камэнтарох, адылі разам абмяркуем, як найлепш ажыцьцявіць гэтую йдэю

З павагаю,
Лагодны Цмок