Get Mystery Box with random crypto!

Размова пра памылкі Вітаем, шаноўнае спадарства! Сёньня хо | Лагодны Цмок | Гледзіва па-беларуску

Размова пра памылкі

Вітаем, шаноўнае спадарства!
Сёньня хочам абмеркаваць тэму памылак — як увогуле, так і ў нашых перакладах. Допіс выйшаў адносна вялікі, таму для зручнасьці падрыхтавалі для вас зьмест:

1. Уступ
2. Пра каманду й тое, чаму ў нашых перакладах ё памылкі
3. Што мы робім, каб памылак было менш
4. Як вы можаце дапамагчы камандзе палепшыць якасьць перакладаў


1. Амаль кажны дзень мы, беларускамоўныя людзі, даведваемся пра нешта новае й разумеем, што ўчора ці год таму недзе зрабілі (страшэнную) памылку, якую бачыла/чула даволі шмат людзей. Часам праз гэта нам робіцца сорамна, часам мы злуемся на сябе, але забываем, што памыляцца — гэта цалкам нармальна й натуральна, бо ведаць усё немагчыма, а без памылак няма руху наперад.

Калі ўсе будуць толькі вучыцца, баючыся памыліцца й сказаць нешта ня так, то сёньня ня будзе каму гаварыць па-беларуску й, тым больш, ствараць кантэнт на роднай мове.

2. Бальшыня нашае каманды (у тым ліку рэдактары) — гэта людзі, якія ня маюць філялягічнае адукацыі, але маюць вялікае жаданьне зрабіць свой унёсак у супольны банк беларускамоўнага кантэнту, на што й аддаюць свае моцы й вольны час. Нашыя зорачкі выконваюць важную й адказную работу — адначасова й вучаць беларускую мову, і перакладаюць/рэдагуюць субтытры, а таксама йіншымі спосабамі пашыраюць беларускую мову (але пра гэта раскажам наступнымі допісамі )

Рэдактараў у нашай камандзе пакуль што вельмі мала. Усе яны маюць розны ровень ведаў, але ўсе шчыра стараюцца й вучацца. Больш практыкаваных (рас. более опытных) рэдактараў — адзінкі, яны фізычна ня могуць сачыць за якасьцю ўсіх праектаў, правяраць субтытры паўторна за менш практыкаванымі рэдактарамі. З гэтых прычынаў у нашых субтытрах нават пасьля рэдагаваньня часам застаюцца памылкі.

3. Мы разумеем: інфармацыі настолькі багата, што й аднаго жыцьця будзе недастаткова для таго, каб вывучыць усе-ўсе правілы, усе-ўсе асаблівасьці й адметы беларускае (ды й хоць якое) мовы. Мы ня можам ведаць усё, але можам імкнуцца да гэтага. Нашая мэта — дапамагаць адно аднаму вучыць беларускую мову й паляпшаць свае веды.

• Мы просім усіх удзельнікаў каманды ў вольны час і ў працэсе перакладу/рэдагаваньня карыстацца дапаможнікам, дзе сабрана даволі багата карысных матар'ялаў для вывучэньня беларускае мовы й клясычнага правапісу, а таксама сабраныя памылкі, якія несьвядома робяць беларускамоўныя людзі — нават студэнты й выпускнікі факультэтаў беларускае філялёгіі, бо ва ўнівэрсытэтах пра гэтыя й йіншыя памылкі й асаблівасьці, з усяго відаць, не расказваюць. Сёньня нават дыплём філёляга (ды й ня толькі філёляга) зрэдку ёсьць паказьнікам багатых ведаў, таму вельмі важна ста́ла (увесь час) займацца самаадукацыяй.

• Таксама мы просім усіх рэдактараў даваць перакладнікам зваротную сувязь, выпісваць пэўныя моманты й тлумачыць памылкі, каб перакладнікі зьвярталі на йіх сваю ўвагу й запаміналі. Часам мы разьбіраем распаўсюджаныя памылкі ў супольным чаце, а таксама дапамагаем адно аднаму зь перакладам цяжкіх момантаў.

• Адгэтуль мы будзем далучаць субтытры не да відэа, а дадаваць іх адразу ў прайгравальнік, што дазволіць нам хутка выпраўляць абмылы. У відэа, да якіх ужо далучаныя субтытры, выправіць памылкі, на жаль, аніяк ня ўдасца (бо йісныя файлы страчаныя), але мы можам усе заўвагі дадаваць у вапісаньне да відэа.


4. Шаноўныя гледачы! Мы будзем бязьмежна ўдзячныя за вашую дапамогу ў паляпшэньні якасьці нашага кантэнту!

Калі падчас прагляду нейкага фільму/сэрыялу вы заўважыце памылкі, калі ласка, напішэце нам пра гэта ў хорму зваротнай сувязі, або ў ананімны бот @la_cmok_bot, або ў камэнтары. Мы перадамо вашыя заўвагі перакладнікам і рэдактарам — яны запомняць, выправяць і больш памыляцца ў гэтых момантах ня будуць. Калі вы самі захочаце адрэдагаваць сэрыю/фільм, мы з удзячнасьцю дашлём вам файл з субтытрамі :)

Калі вы хочаце далучыцца да нашае каманды, калі ласка, запоўніце гэтую хорму й чакайце адказу (усім абавязкова адкажам): https://forms.gle/zSdEV71iQFc6CvXo6
• асабліва шукаем рэдактараў і рэдактарак

Дзякуем за ўвагу й зычым усім добрага дня!