Get Mystery Box with random crypto!

​​МАЛЕНЬКАЯ СПРАВАЗДАЧА За 2021 год мы выдалі 22 новыя кнігі | Выдавецтва Янушкевіч

​​МАЛЕНЬКАЯ СПРАВАЗДАЧА

За 2021 год мы выдалі 22 новыя кнігі, яшчэ дзясятак набярэцца перавыданняў. Першая палова года была цяжкай, бо мы працавалі без доступу да банкаўскага рахунку. Не спыняліся, круціліся як маглі і нам удалося ўрэшце выдаць «Нерасстраляных» і «Сабак Эўропы» (праўда, першы наклад апошніх завіс на мытні). Восень і зіма былі для нас напоўнены інтэнсівам — як у выданні новых кніг, так і ў працы з кліентамі. І такія шалёныя рытмы нам падабаюцца!

Мы напоўніцу спазналі, што такое падтрымка чытачоў і цікавасць да беларускіх кніг. Колькасць пакупнікоў вырасла, і мы бязмерна ўдзячныя кожнаму, хто прыходзіў да нас у офіс па кнігі ці замаўляў іх на сайце. Выдатна спрацаваў папярэдні заказ на booksbox.by — у 2021 годзе паслугамі сайта скарысталася больш за тысячу чалавек.

Гэты год паказаў, што ў нас сфарміравалася моцная каманда, якой па плячы любыя выклікі. Плюс мноства людзей — перакладчыкі, мастакі, дызайнеры, рэдактары, карэктары — ствараюць разам з намі новыя кнігі. У нас класныя блізкія партнёры — выдавецтва Koska i Vesna. З усімі працаваць — адна асалода!

Мы асвойвалі новыя моўныя тэрыторыі — упершыню выйшлі пераклады з чэшскай і харвацкай моў. Нашы серыі жывуць — у Noblesse Oblige выйшлі творы Мюлер і Маркеса, з'явіліся новыя кнігі пра Гары Потэра і Ведзьмара Геральта. Нам было прыемна назіраць, як умомант разляталіся таўшчэзныя і нятанныя «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. І гэта наўпрост сведчыць, што беларускую літаратуру чытаюць і ёю цікавіцца зусім не вузкае кола прыхільнікаў. Яшчэ адно пацвярджэнне гэтаму — феномен «Нерасстраляных», несмяротнай кнігі пра літаратараў 1920-1930-х гадоў.

Перакладчыкі і мастакі атрымлівалі прэміі. Гэта Валерый Славук, Алена Пятровіч, Вольга Гронская. Віншуем сардэчна яшчэ раз і ганарымся вамі! Увогуле, усе аўтары і перакладчыкі без выключэння — гэта соль беларускай зямлі, дзякуючы вашаму таленту і ўпартасці магчымая наша праца.

Выдатна, што мы зноў пачалі працаваць з OZ.by. Калі закрываюцца кнігарні, гэта павялічыла фізічную прастору для нашых кніг. З Новага года мы адкрываем доўгачаканую дастаўку кур'ерамі па Мінску, ужо пачалі працаваць з маркетплэйсам OZON (але пытанняў яшчэ шмат).

З найбліжэйшых выдавецкіх задумаў выконваюцца непараўнальныя «Зорныя дзённікі» Станіслава Лема, шалёна драйвовы «Кароль» Шчэпана Твардаха, магічная і інтрыгоўная ажно да дрыжыкаў «Зімоўка» Дамінікі Словік, постапакаліптычная і адначасова абнадзейваючая «Дарога» Кормака Макарці. А крыху далей — «Вялікі Гэтсбі» Фрэнсіса Скота Фіцджэральда, спадзяваемся, што ўсё-такі выйдзе «Хлопчык і снег» Альгерда Бахарэвіча, будзе ўжо блізка першая кніга па-беларуску Іосіфа Бродскага, а таксама фундаментальны non-fiction «Культ Сталіна ў Беларусі» Аляксандра Гужалоўскага, класнае фэнтэзі для падлеткаў ад Алеся Кудрыцкага і шмат чаго яшчэ...

А галоўную разыначку мы анансуем заўтра.