Get Mystery Box with random crypto!

Веслава Драецка - падзабытая зорка родам з Гродна Калі кажу | 🇺🇦 Hrodna 11:27

Веслава Драецка - падзабытая зорка родам з Гродна

Калі кажуць пра знакамітых музыкаў ХХ стагоддзя, што родам з Гродна ці Гродзеншчыны, то ў першую чаргу (цалкам заслужана) называюць Чэслава Немэна. І амаль ніхто не ўзгадае сёння Веславу Драецку (у дзявоцтве - Дунай), якая нарадзілася ў Гродне ў 1930 годзе. Яна не стала суперзоркай, як Немэн, але свой след у папулярнай музыцы паваенных часоў пакінула. А ў былых рэспубліках СССР дык наогул яе ўспрымалі часта зоркай не меншай за Анну Герман. Тым больш, абедзве спявачкі былі добра знаёмыя, разам выступалі, жылі пасля вайны ў адным горадзе - Вроцлаве.

Драецка перажыла ў дзяцінстве ссылку ў Сібір. Там яна трапіла ў дзіцячы дом, бо іх - дзяцей - вывезлі наўпрост з дзіцячага лагера на Віленшчыне. Такі адпачынак на беразе возера 9-гадовая дзяўчынка атрымала за тое, што была найлепшай у класе вучаніцай. Тата ў той момант быў ужо ў войску, маму таксама вывезлі, але ў іншае месца - і яна ссылкі не перажыла. Агулам разам з Драецкай тады вывезлі 11 дзяўчат. Толькі 5 з іх пасля вайны здолелі адшукаць бацькоў. Драецкай пашанцавала - пасля вайны ў Гродне яе чакаў тата.

Менавіта ў дзіцячым доме ў Сібіры малая Веслава ўпершыню заспявала на сцэне. Гэта быў выступ для афіцэраў савецкай авіяцыі, за які дзеці атрымалі цукеркі, пернікі, арэхі - неверагодныя для часоў вайны ласункі.

Але адразу ў музыку Драецка не пайшла. Пасля вайны яна пераехала ў Польшчу, у Вроцлаў, і хутка паступіла ў Познань на стаматолага. У 1959 годзе на трэцім курсе яна паўдзельнічала ў конкурсе Польскага Радыё ў Познані. Тады ж яна ўпершыню выйшла замуж і ўзяла прозвішча Драецка, пад якім стала знакамітай і якога ўжо не змяняла, хоць потым разводзілася двойчы. У 1961 яна атрымала некалькі ўзнагарод на фестывалі ў Сопаце. Пасля гэтага пачалася імклівая кар’ера: канцэрты ў Берліне (савецкім, вядома), Югаславіі, але найбольш - у СССР, літаральна ад Брэста да Новасібірска. Там яна спявала па-польску і па-руску, бо рускую мову выдатна вывучыла ў часы дзіцячага дома. У маскоўскіх “Лужніках” Драецка збірала пад 30 тыс. чалавек!

У 1980-я Веслава Драецка вырашыла скончыць кар’еру. Яна ўжо мела пенсію, а пастаянныя гастролі пачалі яе стамляць. Колькі ўсяго трэкаў і альбомаў яна запісала, колькі канцэртаў з аркестрамі Польскага Радыё ці Маскоўскага Тэлебачання дала - не магла ўзгадаць нават сама.

А вы чулі раней пра Веславу Драецку?