Get Mystery Box with random crypto!

Як сустрэлі першы дзень вайны знакамітыя беларусы? У доме Кол | Haroshak.by

Як сустрэлі першы дзень вайны знакамітыя беларусы?

У доме Коласа паніка. У адной з рэдакцый яго папярэдзілі, што назаўтра могуць бамбіць. “Яшчэ заставаўся парсючок у хлеўчыку – дык бацька адкрыў дзверы і яго выпусціў, каб ён бег ужо. Што будзе, то будзе…”, згадваў Міхась Міцкевіч. Самі хаваюцца ў пограбе за домам у парку Горкага. Назаўтра згараць дзясяткі рукапісаў і фотаздымкаў. Сям’я паспее выехаць з Мінска на адным з апошніх цягнікоў.

Алена Аладава ратуе экспанаты: яна сабрала для Дзяржаўнай галерэі 2711 работ. Палотны вымаюць з рам і складаюць у скрыні – музею абяцалі транспарт для эвакуацыі. Але транспарт не прыйшоў. Даводзіцца ўсё кідаць і ратавацца. Слуцкія паясы схавалі ў дровы.

Хворы, змучаны допытамі Кузьма Чорны застаецца без працы двух гадоў: у першую бамбёжку згарэлі рукапісы раманаў і даследавання “Новай зямлі”.

Дом Ларысы Александроўскай зруйнаваны. Оперная спявачка забірае 10-гадовага сына з бальніцы пасля аперацыі на апендыцыт і дабіраецца з ім да Масквы: пешшу і спадарожнымі, без дакументаў, без грошай. Яе ледзь на арыштавалі ў Вязьме, прыняўшы за шпіёнку: выглядала падазрона – туфлі на абцасах, лёгкая сукенка і ордэн Леніна.

Пакуль Купала ў Каўнасе, у Мінску гараць яго архіў і бібліятэка. Праз тыдзень ён разам з жонкай выязджае ў Маскву на сваім “Шэўрале”.

Аркадзь Куляшоў бачыць, як гарыць дом, дзе жыў у маладосці з сябрамі – Юліем Таўбіным і Змітраком Астапенкам (Таўбін ужо забіты НКУС; Астапенка знікне без звестак у 1944-м). Куляшоў пакінуў горад пешкі і ідзе ў Оршу.

Іван Мележ у войску: ён служыць з 1940-га. Другая сусветная для яго пачалася пад Растовам-на-Доне. Ужо ў ліпені ён атрымаў першае раненне – у правае плячо; праз год каля іншага Растова другое – зноў правае плячо. Гэтым разам асколак бомбы раздрабіў костку. Руку хацелі ампутаваць, але знайшоўся хірург, які яе выратаваў.

Хаім Суцін не змог выехаць з Францыі ў ЗША і ў 1943-м пад акупацыяй памірае ад язвы. Барыс Кіт хаваецца ад гестапа, але ў 1944-м яго ўсё-такі арыштуюць: месяц турмы і штоночы – чаканне расстрэлу. 13-гадовы Алег Лойка стане сябрам Саюза беларускай моладзі, бо папрасіла мама: там давалі форму, а ў дзіцёнка ўсё знасілася. Мулявіну 6 месяцаў; праз усё жыццё ён будзе ненавідзець дранікі: яны нагадвалі пра галодны час, калі елі бульбяное лушпінне і перамерзлыя клубні. Караткевіч гасцюе ў старэйшай сястры ў Маскве; эвакуацыя закіне яго ажно на Урал, і ўвесь час ён будзе спрабаваць уцячы на фронт.

Быкаву тры дні таму споўнілася сямнаццаць.