Get Mystery Box with random crypto!

Яшчэ трохі пра аўтараў і аўтарства. У гісторыі беларускай літа | Страшная добрая казка

Яшчэ трохі пра аўтараў і аўтарства. У гісторыі беларускай літаратуры, як і ў гісторыі любой літаратуры, ёсць месца містыфікацыям: калі нехта свядома з розных прычын блытае чытача і стварае няіснага аўтара, ягоную біяграфію, абставіны творчасці, прыгожую легенду. Самая знакамітая містыфікацыя ў беларускай літаратуры - гэта, канешне, Паўлюк Багрым. Памятаеце з курса белліта гісторыю пра падлетка, якога саслалі ў салдаты за ўдзел у сялянскім паўстанні, і ад якога захаваўся верш "Зайграй, зайграй, хлопча малы"? У Крошыне ёсць нават музей Паўлюка Багрыма:) Здаецца, і цяпер яшчэ малодшым школьнікам расказваюць усё тую ж легенду пра таленавітага крошынскага падлетка.

Насамрэч Паўлюк Багрым сапраўды існаваў, сапраўды жыў у Крошыне, вось толькі вершаў ніякіх не пісаў, а быў таленавітым кавалём, і нават неблага зарабляў, бо кавалі на вёсцы - людзі далёка не бедныя. Нават крошынскі пан быў вінен кавалю Багрыму пэўную суму грошаў.

Адкуль жа ўзялася хрэстаматыйная гісторыя пра няшчаснага таленавітага падлетка, пакрыўджанага панамі?

Ажно ў 1855 годзе (то бок праз 25 год пасля таго, як нібыта і быў напісаны "Зайграй, зайграй, хлопча малы") ананімны аўтар, эмігрант з беларускіх зямель, надрукаваў у Лондане мемуары "Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды". Там сярод іншага расказвалася і пра хлопчыка, і пра верш, пры чым аўтар сведчыў, што чуў гэты верш у выкананні аўтара аднойчы, запомніў і вось цяпер - друкуе ў сваіх успамінах. менавіта з гэтай кніжкі, выдадзенай маленькім накладам, легенда пра Паўлюка Багрыма і тэкст ягонага верша і пайшлі гуляць па шматлікіх падручніках. легенду пахапілі з вялікім натхненнем, бо і гісторыя была шчымлівая, і верш - файны (насамрэч вельмі файны).

І толькі ў апошні час наш скрупулёзны і вельмі абазнаны ў гісторыі літаратуры ХІХ стагоддзя даследчык Ігар Запрудскі высветліў і абставіны распаўсюду легенды, і верагоднае аўтарства верша. Прыдумаў гэтую містыфікацыю, хутчэй за ўсё, беларускі пісьменнік і журналіст, выпускнік школы бернардынцаў у Будславе, дзеяч беларускага руху - а таму эмігрант, вымушаны збегчы з імперыі з-пад арышту, Юліян Ляскоўскі. Мэта ягоная была святая: беларускай літаратуры моцна быў патрэбны свой Тарас Шаўчэнка, свая шчымлівая гісторыя, з якой можна было б пачаць адлік дэмакратычнай літаратуры простага люду. Вось ён і стварыў Паўлюка Багрыма:)