Get Mystery Box with random crypto!

Калі я вучылася ў школе - а гэта было трыццаць год таму - паэм | Страшная добрая казка

Калі я вучылася ў школе - а гэта было трыццаць год таму - паэма "Тарас на Парнасе" вывучалася як ананімная. Было вельмі шкада, што мы не ведалі аўтара, бо паэма была вясёлая, чыталася лёгка, лёгка і запаміналася, у адрозненне ад іншых, даволі панылых, твораў школьнага белліту.

Сёння аўтар паэмы вядомы - гэта Канстанцін Вераніцын, у час напісання паэмы - студэнт Горы-Горыцкай сельскагаспадарчай акадэміі. Гісторыя аднаўлення аўтарства "Тараса на Парнасе" - адзін з самых цікавых, сапраўды дэтэктыўных, сюжэтаў нашага літаратуразнаўства.

Першыя росшукі аўтара пачаліся яшчэ ў дваццатыя гады дваццатага стагоддзя, калі беларускае літаратурзнаўства пачыналася літаральна "з нуля", і канешне, аўтарства "Тараса на Парнасе" было пачэснай задачай для навукоўцаў. Шмат каму хацелася быць першаадкрывальнікам. Пашансціла прафесару Міхасю Піятуховічу: ён знайшоў падпісаны экзэмпляр паэмы і меў неабвержныя доказы, што подпіс належыць менавіта аўтару. Што праўда, гэты самы спіс з подпісам Піятуховіч нікому не паказваў, бо рыхтаваў вялікую публікацыю - сапраўдную навуковую "бомбу". тагачасныя студэнты педфака ўспаміналі, што ён нават дома не пакідаў гэты экзэмпляр, заўсёды насіў у сваім партфелі, і толькі іншы раз шматзначна ўказваў на патрфель і таямніча гаварыў аб знаходцы і будучай публікацыі.

Але падрыхтаваць "бомбу" Піятуховіч не паспеў: у 1937 годзе ён быў арыштаваны, а потым і расстраляны. Усе паперы былі выняты пры вобшуке, знік і той самы знойдзены рукапіс "Тараса".

Такім чынам росшукі трэба было пачынаць з самага пачатку. У шасцідзясятыя гады гэтым заняўся наш славуты літаратуразнаўца і архівіст Генадзь Кісялёў. Тут не буду спойлерыць: у яго ёсць шыкоўная кніга "Жылі-былі класікі", адна з самых цікавых літаратуразнаўчых кніг у беларускай навуцы. Там падрабязна, па кроках, распісаны пакручасты шлях пошукаў аўтара - праз памылкі, ілжывая сцежкі, цікавыя знаходкі на гэтых сцежках і, нарэшце, перамогу. Кніга чытаецца як дэтэктыў, і яе добра падсунуць для чытання на лета гуманітарна адораным падлеткам.

Але Кісялёў зусім мала ведаў пра самога Вераніцына: напісаўшы "Тараса" у студэнцтве, Кастусь больш да літаратурнай творчасці не звяртаўся і знік з культурнага поля. Таму наступнай задачай літаратуразнаўцаў стала аднаўленне ягонай біяграфіі. Самы плённы даследчык па гэтым пытанні - Антон Францішак Брыль, дзякуючы якому мы сёння ведаем Вераніцына фактычна ад "а" да "я" - біяграфія аўтара легендарнай паэмы адноўлена па крупіцах праз скрупулёзны росшук у архівах Менску, Масквы, Пецербурга, Вільні, Варшавы.