Get Mystery Box with random crypto!

Памятаем. Юлі Таўбін Смерць Калі я буду паміраць і рабіцца | Галасы з-за вярбы

Памятаем.

Юлі Таўбін

Смерць


Калі я буду паміраць і рабіцца дакучным целам…
А я хачу, каб гэта было не хутка, – таму
Я цяпер хачу жыць, жыць, –
жыць жыццём, аднаму мне зразумелым,
Жыццём, уласцівым толькі мне аднаму.
Бачыць, як сонца смяецца на брудным акне,
Акунаць сваё цела ў халодныя ўлонні рэчак,
Плысці на моры ў рыбачым чаўне,
Хадзіць па полі сярод цнатлівых грэчак.
Я хачу спатыкаць сяброў і таварышак, маладых і сталых;
Хачу даверлівых жаночых пацалункаў
і поціскаў моцных мужчынскіх рук,
Каб адчуванне жыцця ніколі мяне не пакідала, –
Поўнае і шматкаляровае, як вясёлкавы паўкруг.
Я хачу наведаць аграмадныя гарады,
Далёкія краіны з мовамі чужымі, –
Я хачу, каб свет паветра, сухазем’я і вады
Жыў, дрыжаў у кожнай, самай дробнай маёй жыле.
Каб мяне хвалявалі
страты, здабыткі, развітанні і стрэчы,
Каб я мог сказаць пра сябе:
“Я жыў, пакуль тэрмін мой не прайшоў…
Каб мяне праціналі сваёю магутнасцю рэчы
Блізкіх маіх спадарожнікаў-таварышоў.
Хачу жыць, падаючы, – але не занепадаючы.
Высока паднятым сілай часоў,
здабыць сталае месца на гале зямной.
Ведаю свае заганы.
Але гэта – мая задача.
Мне – дваццаць першы год.
Жыццё не за, а перада мной".