Get Mystery Box with random crypto!

50 гадоў таму сыны палкоўніка КДБ забілі ў Менску мастака і ды | ГУРНЕВІЧ

50 гадоў таму сыны палкоўніка КДБ забілі ў Менску мастака і дысідэнта Лявона Баразну

Мне пашчасціла пагаварыць з сябрамі Баразны, а таксама яго дачкой, якая ласкава прадставіла мне дакументы з суду наконт забойства бацькі. 10 год таму я напісаў пра гэта артыкул для "Нашай Нівы". Некалькі ключавых момантаў.

1. Баразна вядомы тым, што па крупіцах вяртаў Беларусі народнае мастацтва. Некалі ён купіў капялюш, апрануў плашч, узяў кій у рукі, мальберт за плечы, фарбы ў торбу і пайшоў пешшу па краіне. Без грошай, без ежы ён хадзіў па вёсках і распытваў у людзей, што за вопратку яны носяць, якія выкарыстоўваюць арнаменты, посцілкі, як ткалі, як вышывалі. Распытваў і замалёўваў. Добрыя людзі накормяць і пасцеляць. І так некалькі гадоў. Вынікам тых хаджэнняў сталі пазней 4 альбомы пра скарбы беларускай народнай культуры, якія ён уласнаручна намаляваў, пераплёў і здаў у Мастацкі музей.

2. Падчас вучобы ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце Баразна пасябраваў з 19-гадовым студэнтам Зянонам Пазьняком. Яны стварылі ў інстытуце суполку пад назвай «Аматары беларускага мастацтва». Пазьняк ладзіў экскурсіі па старым Менску. Баразна — этнаграфічныя экспедыцыі. У архівах разам шукалі беларускія матэрыялы. На сустрэчу АБМ прыходзіць усё больш наведнікаў. Студэнты ладзяць вечарыны, запрашаюць Рыгора Барадуліна і Уладзіміра Караткевіча. Чытаюць вершы заходнебеларускіх паэтаў, якія, хоць ужо і выдаваліся, але ўсё яшчэ лічыліся крамольнікамі.

3. На адну сустрэчу Пазняк прыносіць «Кароткую гісторыю Беларусі» Вацлава Ластоўскага. Баразна бярэ слова і кажа, што «цяпер, калі немагчыма дыхнуць, трэба пашыраць беларушчыну праз міжлюдскія кантакты, бо ў нашыя галовы вораг не залезе». Змест прачытанай кнігі Ластоўскага студэнты расказваюць адзін аднаму падчас сустрэчаў. Пачынаецца ланцуговая рэакцыя. Экскурсіі па Верхнім горадзе замест Пазьняка пачынаюць праводзіць ужо новыя людзі. АБМ разрастаецца і дзеліцца на групы энтузіястаў: археолагаў, этнографаў, гісторыкаў.

4. У 1966 годзе захапленне беларускім мастацтвам перараджаецца ў штосьці большае. У майстэрні Яўгена Куліка, якая месцілася акурат насупраць будынка КГБ, пачынае збірацца навуковая і мастацкая інтэлігенцыя. Пад самым носам у чэкістаў дзейнічае апазіцыйны асяродак, які ад назвы майстэрні Куліка атрымаў назоў «На паддашку». У Куліка збіраліся Пазняк, Алесь Разанаў, Алесь Марачкін, Міхась Чарняўскі ды іншыя. Мастакі чыталі самвыдат, рыхтавалі выставы, арганізоўвалі пошукавыя экспедыцыі. Як узгадваў пазней сябра Лявона Баразны Барыс Мельнікаў, той гаварыў усё, што думаў, і не звяртаў увагі на перасцярогі сяброў, што паўсюль могуць быць сексоты. «Ён прапагандаваў аддзяленне Беларусі ад Савецкага Саюза, гэта была ягоная ідэя, з ёю ён падымаўся і клаўся спаць», — узгадваў пазней Мельнікаў.

5. У 1967 годзе Баразне даручаюць афармленне Менска да 900-гадовага юбілею. Ён робіць цалкам беларускі праект — па форме і змесце. Разынка праекта — прапанова рэканструяваць старадаўняе менскае замчышча. На абмеркаванне праекта Баразну запрашаюць да Машэрава. Пабачыўшы беларускія надпісы, першы сакратар пачаў абурацца: «Это же национализм». Баразну адхілілі ад той працы.

6. А ў прафесійным жыцці Баразна працягвае займацца сваёй улюбёнай справай — сцэнічным касцюмам. Ён апранае дзясяткі музычных калектываў.

7. Напачатку 1972 года Баразна выдае ўнікальны альбом «Гравюры Францішка Скарыны». Ён першым адкрыў гравюры Скарыны для масавага чытача.

8. 15 жніўня 1972 года ўвечары Баразна ішоў у сваю майстэнрю каля кінатэатра “Перамога” і заступіўся за жанчыну, да якой прычапліся два маладзёны. Пачалася штурханіна, Баразну ўдарылі нажом у сэрца. Забойцу і ягонага брата знайшлі, прысудзілі 5 і 8 год турмы. Яны аказаліся сынамі палкоўніка КДБ, расейца Міхаіла Золатава, начальніка аховы Дома ўрада. Неўзабаве пасля суду іх амніставалі.

9. Спакою Баразне не далі і пасля смерці. Яго пахаванню замінала міліцыя.

10. Баразна любіў казаць: «Рабі сёння. Бо калі пачнеш марыць, думаць і расказваць пра свае планы, то нічога і не будзе. Менш разважаць трэба, як табе кепска, а больш працаваць».