Get Mystery Box with random crypto!

Валер Карбалевіч назваў чатыры небяспекі стаўкі на сілавы сцэн | ГУРНЕВІЧ

Валер Карбалевіч назваў чатыры небяспекі стаўкі на сілавы сцэнар. Прывяду свае 4 контаргументы

Па-першае, піша сп. Валер, гэта ўтапічнасць самой ідэі сілавога зрынання ўлады Лукашэнкі ў сучасных беларускіх умовах. У палітыцы няма нічога небяспечнейшага, чым ілюзіі. Размовы аб стварэнні нейкага беларускага войска за межамі краіны — гэта несур’ёзна.

Контраргумент: Ніхто з сур’ёзных палітыкаў (і, здаецца, палітыкаў увогуле) не ініцыюе стварэнне такога войска за мяжой і нават не абмяркоўвае саму ідэю. Гаворка ідзе, як кажа Аляксандар Азараў, пра падрыхтоўку людзей, каб яны ўмелі супраціўляцца, абараняцца і карыстацца зброяй. У сённяшні час гэта цалкам нармальныя ўменні. Азараў кажа, што неабавязкова трымаць людзей у кучы, як баявую адзінку. Падчас надзвычайнай сітуацыі кожны, паводле Азарава, атрымае сваю задачу. У аснове сілавой стратэгіі Аб’яднанага кабінету будзе план "Перамога". Ён не прадугледжвае войска. Утапічнасць ідэі сілавога зрынанння хунты СЁННЯ не значыць, што ЗАЎТРА, пры іншых абставінах, яна не стане рэальнай. У маі 2020 траціна мільёна людзей на вуліцах Менска таксама была ўтопіяй. У канцы жніўня гэта было ўжо звыкла. За час ад жніўня грамадства асвоілся з такой думкай і рэйкавыя партызаны доказ гэтаму.

Па-другое, піша Карбалевіч, мілітарысцкая рыторыка адпудзіць ад апазіцыі значную частку публікі, якая раней ёй спачувала. Народ баіцца грамадзянскай вайны, гэта натуральны інстынкт самазахавання. І, выбіраючы паміж грамадзянскай вайной і рэжымам Лукашэнкі, большасць беларусаў, пэўна, выбера лукашэнкаўскую дыктатуру.

Контаргумент: Сілавы варыянт не роўна грамадзянская вайна. Як кажа Сахашчык, такі варыянт увогуле не азначае актыўных баявых дзеянняў. Рыторыка сапраўды можа кагосьці адпудзіць, але якая ёсць альтэрнатыва, калі і сам сп. Валер лічыць, што ніякіх "легальных" метадаў больш не існуе? Ператварэнне Беларусі ў Курганскую вобласць, што адбываецца ўжо ў экспрэс-тэмпе? Большасць не выбера дыктатуру, яна можа абраць пасіўнае назіранне. Але вырашае ў гісторыі такіх падзей ЗАЎСЁДЫ пасіянарная меншасць (калі мы кажам пра сілавы варынят, бо прыхільнікаў хунты ўжо не будзе большасць).

Па-трэцяе, аргументуе сп. Валер, такія размовы дапамагаюць уладзе развянчаць ідэю мірнага пратэсту. Галоўны канструкт дзяржаўнай прапаганды цягам двух гадоў палягае ў тым, што ў 2020 годзе была спроба гвалтоўнага мяцяжу. Па БТ увесь час паказваюць карцінкі нейкіх эпізодаў сілавога сутыкнення дэманстрантаў з АМАПам, падрабязна асьвятляюць судовыя працэсы, у якіх людзей абвінавачваюць у гвалце.

Контаргумент: Акурат таму прапаганда нічога новага і не скажа і нікога не напалохае, бо ўжо ДВА гады расказвае ябацькам пра бясконцыя планы замахаў і тэрактаў. А калі нехта хоча ствараць геніяльны план, абапіраючыся на тое, што скажа БТ, ён не павінен нічога ствараць увогуле. Сп. Валер кажа, што размовы пра сілавы метад узмацняць рэпрэсіі. Акурат без такога абмеркавання яны будуць працягваецца. Апошнія 1,5 года такога абмеркавання не было, але рэпрэсіі ашалелі, а Вітольд Ашурак загінуў без вынясення смяротнага прысуду.

Па-чацьвёртае, піша Карбалевіч, стаўка на сілу ставіць у няёмкае становішча заходніх партнёраў. Адна справа — дапамагаць імкненню беларускага народу да свабоды ў рамках дэмакратычных механізмаў, і зусім іншая — падтрымліваць сілавы варыянт прыходу апазіцыі да ўлады. Гэта дрэнна спалучаецца з еўрапейскімі каштоўнасцямі і ўяўленнямі аб дэмакратыі.

Контраргумент: Роўна наадварот. Ад 24 лютага шмат хто ў Еўропе зразумеў, што адбываецца. Палітыкі пераабуваюцца на хаду, мяняюць думкі, планы, стратэгіі. Той, хто раіў Украіне аддаць РФ акупаваныя землі яшчэ два месяцы таму, сёння кажа, што яе трэба прыняць у NATO. І там ўжо за паўкроку нейтральныя і пацыфісцкія яшчэ зімой фіны і шведы. Краіны ЕС павялічваюць абаронныя бюджэты, аднаўляюць тэрабарону, а раней парасейскія палітыкі кажуць, што Расея павінна прайграць мілітарна. Але нават калі б на Захадзе ўсяго гэтага не рабілі і не казалі, гэта не азначае, што пра гэта не павінны размаўляць беларусы.