Get Mystery Box with random crypto!

Мір заўсёды лепш вайны. За мір варта маліцца. Аднак, гэта яшчэ | Каталіцкая Беларусь: адраджэнне

Мір заўсёды лепш вайны. За мір варта маліцца. Аднак, гэта яшчэ не ўсё. А молячыся за мір ва Ўкраіне, нельга забыцца памаліцца за мір у краіне.

Я ніколі не прапагаваў вайну. Не казаў, што вайной можна вырашыць канфлікты, як і не бачыў магчымым знайсці выхад для ўсёй краіны у забойстве аднаго чалавека.

Тое і не дзіўна, бо як кажа Рымска -каталіцкі Кодэкс Кананічнага права, "Духавенства павінна падтрымліваць захаванне міру і згоды паміж людзьмі, заснаваных на справядлівасці» (Kan.  287 §  1).

Я рады, што, дзякуючы ініцыятыве папы Францішка, сёння, 26 сакавіка 2022 г., католікі ва ўсім свеце маюць Дзень малітвы за мір. Ён абвешчаны з нагоды пагаршаючыйся сітуацыі вакол Украіны. Па словах папскага нунцыя, арцыбіскупа Вісвальдаса Кульбокас, вайна там сёння "ёсць фактам таго, што вайна, якая ва ўсходніх рэгіёнах (Ўкраіны) цягнецца ўжо восем гадоў, стала прычынай шмат якіх праблемаў… (але) гэты канфлікт узмацніў аб’яднанасць краіны". І ўсе ўкраінцы, незалежна ад таго на якой мове размаўляюць сёння, з’яднаныя ў любві да Ўкраіны - заявіў дыпламат 25.01.2022  на Ватыканскім радыё.

Безумоўна, я рады таксама, што за мір памоляцца і ў Беларусі. Аб сваім удзеле ў малітве раней заявіў нунцы арцыбіскуп Антэ Ёзіч і да яе ж усіх заахвоціў старшыня канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Алег Буткевіч.

Спадзяюся, незалежна ад таго,  што сітуцыя напружаная вакол Украіны і там ужо ідзе вайна, а, са словаў нунцыя, ва Ўкраіне, можна меркаваць, гэта вайна не грамадзянская але са знешнім агрэсарам, бо самі грамадзяне Ўкраіны аб’яднаныя як ніколі, то беларусы, молячыся за мір, правільна парастаўляюць націскі. 

І мы ўзнясём малітвы не толькі за мір ва Ўкраіне, але і за мір у нашай краіне. А разумеючы што мір не можа быць без справядлівасці і праўды, памолімся, каб Гасподзь спыніў усіх агрэсараў і даў дух пакаяння тым, каму не да законаў.

Гасподзь не зможа пачуць малітву за мір, калі мы самі не будзем гатовыя будаваць мір. Але не па ўласных праектах, толькі згодна з планамі Божымі. Біблейскій жа мір, па-габрэйску "шалом",  азначае "паўнату" -  паўнату жыцця. 
Кампендый (Кампендый Сацыяльнага Вучэнне Касцёла) у п.490, звяртаючыся да слоў прарока Ісаі 2, 2-5,  кажа аб тым, што хадзіць сцежкамі спакою чалавек зможа ідучы
шляхамі Госпада, між іншым абапіраючыся на Закон. Без законаў міру быць не можа.

У святле Божага слова бачым як недарэчна і спрошчана выглядае трансфармацыя азначэння міру да адсутнасці вайны, або прагненне міру без жадання вярнуцца да жыцця па-законах. Або як бязглузда гучаць словы пра мір, калі няма жадання гаварыць пра справядлівасць. Тады як прарок Ісая сцвярджае адназначна "І справай праўды будзе мір, і плёнам правасуддзя - спакой і бяспека вавек" (Іс 32, 17)

І вось, молячыся за мір, у мяне з’яўляюцца пытанні аб месцы ў нашым жыцці і малітвах для праўды, правасуддзя, справядлівасці і, ўрэшце, любві, якая мацней за страх.

Чаму сілы зла, якім не да законаў, у адрас цэркваў могуць заявіць "астанавіцесь", а цэрквы не могуць тым жа палітыкам сказаць гэта адно  простае слова "стоп", з патрабаваннем спыніць вайну са сваім народам?

Чаму свет хвалюецца пра ўварванне расійскіх войскаў ва Ўкраіну, а таго, што  армія Расіі безперашкодна раскатвае па Беларусі, пры чым у небывалай да гэтуль колькасці, ніхто не бачыць. І з гэтай нагоды да малітваў таксама ніхто не заклікаў.
Ці можа гэта ўжо прызнанне акупацыі і позна маліцца за мір у Беларусі?

Я, канешне, малюся за мір але, як грамадзянін Беларусі, яшчэ і патрабую ад Расіі вывесці з тэрыторыі нашай краіны свае войскі. 

Лічу гэта некепскі рэцэпт на мір, калі не ва ўсім свеце, то прынамсі для Беларусі. А менавіта, вывесці ўсе Расійскія войскі з краіны, дзяржаўным органам улады вярнуцца да законаў, пры падтрымцы міжнароднай супольнасці зрабіць новыя выбары, а ўсім вернікам маліцца за мір.