Get Mystery Box with random crypto!

Хрысціянская візія апублікавала вялікі праграмны тэкст, які ра | Каталіцкая Беларусь: адраджэнне

Хрысціянская візія апублікавала вялікі праграмны тэкст, які растлумачвае іх пазіцыю адносна неабходных дзеянняў ва ўмовах сучаснага палітычнага крызісу ў Беларусі.

Напомніўшы пра масавыя палітычныя рэпрэсіі і прычыны слабення пратэставага руху, эксперты ХВ закранулі важную тэму - чаму цэрквы не могуць выступаць у якасці платформы для дыялогу і быць агентамі дэмакратызацыі.

"Спецыфічная праблема, звязаная з рэлігійнай сферай, заключаецца ў тым, што, з аднаго боку, царкоўнае кіраўніцтва захоўвае актыўную ці, прынамсі, пасіўную лаяльнасць у адносінах да аўтарытарнага рэжыму. Гэта можна патлумачыць трыма фактарамі: па-першае, іх уласнымі сапраўднымі недэмакратычнымі палітычнымі перакананнямі; па-другое, у выніку ціску, запалохванняў і страху перад рэпрэсіямі, якія прымушаюць іх прытрымлівацца ці як мінімум не выступаць супраць ідэалагем рэжыму; нарэшце, уздзеяннем маніпуляцый і інструменталізацыі з боку рэжыму, напрыклад, калі рэжым пазіцыянуе сябе як абаронцу традыцыйнай сям’і ці кананічнай тэрыторыі праваслаўнай царквы, а яго супернікі выстаўляюцца ў якасці прыхільнікаў гендэрнай ідэалогіі ці аўтакефаліі.

Вынікам гэтага з’яўляецца параджэнне царкоўнымі дзеячамі і іх акружэннем спецыфічнага тэапалітычнага дыскурсу, які ўключае наступныя ідэі:

1) Неабходнасць для царквы пазбягаць усялякага ўцягвання ў палітыку і арыентавацца толькі на індывідуальную духоўнасць;

2) Прыярытэт міру над справядлівасцю, што робіць яго “мирам без справядлівасці”;

3) Прыярытэт стабільнасці над дэмакратыяй; паслухмянасць вышэй за свабоду;

4) Штучнае супрацьпастаўленне каштоўнасцей сям’і і асабістай свабоды, у якім аддаецца прыярытэт “традыцыйным сямейным каштоўнасцям”.

5) Абсалютызацыя прынцыпу іерархіі, якая прадугледжвае строгае вертыкальнае падпарадкаванне царкоўнаму кіраўніцтву без дыялогу і зваротнай сувязі з царкоўнай супольнасцю і тэалагічнай навукай.

Нават калі ў царкоўнага кіраўніцтва ёсць намер і матывацыя дзейнічаць больш узважана ці рэагаваць на пэўныя сітуацыі, яму не хапае якаснага экспертнага погляду для разумення маніпуляцый ці для хуткай і добра падрыхтаванай рэакцыі ў канкрэтных выпадках.

З іншага боку — практыкуючыя вернікі, якія арыентаваны дэмакратычна і шануюць правы чалавека і справядлівасць, адчуваюць падвойны ціск — як з боку дзяржавы, так і царкоўнага кіраўніцтва. Яны дрэнна арганізаваны і не ўзаемазвязаны, каб дзейнічаць калектыўна; не заўсёды валодаюць багаслоўскімі ведамі, а таксама палітычным і сацыяльным вопытам і не ў стане запоўніць лакуну, якая ўтварылася за кошт пасіўнасці або дэструктыўных дзеянняў іерархіі, каб прапанаваць больш аўтэнтычны, якасны, варты даверу і прывабны шлях.

У той жа час дэмакратычнаму руху не ўдаецца данесці свой мэсэдж да вернікаў зразумелым і асэнсаваным чынам. Гэта робіць водгук і ўклад цэркваў у працэс дэмакратызацыі слабым у публічнай сферы і вядзе да зніжэння даверу да іх сярод вернікаў і да маргіналізацыі ў дэмакратычным грамадстве...
"

У якасці развязку праблемы, ХВ, калі коратка, прапануе ўмацоўваць патэнцыял цэркваў як моцных удзельнікаў грамадзянскай супольнасці, незалежных ад дзяржавы; спрыяць росту дэмакратычных перакананняў вернікаў; спрыяць большаму ўдзелу парафіян, у тым ліку жанчын, у фармаванні публічнага дыскурсу цэркваў і дзейнасці ў грамадскай сферы, а таксама паяднаць ідэі дэмакратызацыі з хрысціянскімі навукамі і шырыць іх сярод максімальна шырокага кола сяброў і знаёмых.

Уласна, гэта тыя заданні, якія, у тым ліку, спрабуем развязваць і мы. Мы пісалі пост пра тое, што шмат цяпер залежыць ад нас саміх - пазіцыя епіскапату не заўсёды будзе адпавядаць таму патрэбнаму вектару, здольнаму нас абараніць і падтрымаць. Вельмі рады, што Каардынацыйная рада, і ХВ у прыватнасці, сфармавалі ўсё максімальнае структуравана.

Сябры, 2022 год – год вялікіх змен. Цягам гэтай зімы шмат што можа вырашыцца. І хочацца верыць, што вырашыцца пазітыўна для ўсіх беларусаў, якія прагнуць волі. Просім не быць абыякавымі і дапамагаць расплюшчыць вочы нават тым, хто абмыляецца.