Get Mystery Box with random crypto!

Вучэнне Айцоў Наш Госпад, Ісус Хрыстос, прыйшоўшы ў свет як с | Грэка-католікі Беларусі

Вучэнне Айцоў

Наш Госпад, Ісус Хрыстос, прыйшоўшы ў свет як сапраўдны чалавек, ніколі не перастаў быць сапраўдным Богам. Ён даў пачатак новаму стварэнню, а праз сваё нараджэнне даў чалавеку духоўную падтрымку. Які ж розум быў бы здольным зразумець гэтую таямніцу і які язык змог бы годна расказаць пра гэтую ласку? Несправядлівасць адшукала страчаную нявіннасць, старасць вяртаецца да маладосці, незнаёмыя атрымліваюць усынаўленне, чужаземцы атрымліваюць спадчыну.

Абудзіся, о чалавек, і пазнай сваю годнасць! Успомні, што ты створаны паводле Божага вобраза. І хоць у Адаме гэты вобраз быў скажоны, аднак у Хрысце ён быў адноўлены. З таго, што цялеснае, карыстай адпаведна, так, як карыстаешся зямлёй, морам, небам, паветрам, крыніцай і ракою. За ўсё, што вартае захаплення і прыгожае, узвялічвай і праслаўляй Стварыцеля.

Зрокам ахоплівай прыроднае святло, але таксама з усім запалам духа прымі тое Святло, «якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет» (Ян 1, 19). Менавіта пра Яго кажа прарок: «Гляньце на Яго і прасвятліцеся, і твары вашыя не спазнаюць сораму» (Пс 34 [33], 6). Калі мы сапраўды з’яўляемся Божай святыняй і Дух Божы жыве ў нас, значыць тое, што ёсць у душы кожнага з веруючых, з’яўляецца больш важным за тое, што нас захапляе на небе.

Умілаваныя, не хочам загадваць вам ці раіць, каб вы пагарджалі тым, што створана Богам; не хочам, каб вы думалі, нібыта штосьці з тых дабротаў, якія стварыў добры Бог, перашкаджае ў чымсьці вашай веры. Наадварот, мы хочам, каб вы кожным стварэннем, кожнай прыгажосцю гэтага свету карысталіся разумна і паводле меры. «Таму што бачнае, – як кажа Апостал, – часовае, а нябачнае – вечнае» (2 Кар 4, 18).

Паколькі мы нараджаемся для цяперашняга, а пасля адраджаемся для будучыні, не будзем прывязвацца да часовых дабротаў, але будзем імкнуцца да вечных. Будзем думаць пра тое, што Божая ласка дала нашай прыродзе, каб мы зблізку маглі сузіраць прадмет нашай надзеі. Паслухаем словы Апостала: «Вы памерлі, і жыццё вашае схавана з Хрыстом у Богу! Калі ж з’явіцца Хрыстос, жыццё вашае, тады і вы з’явіцеся разам з Ім у хвале» (Клс 3, 3), Які з Айцом і Духам Святым жыве і валадарыць праз усе вякі вечныя. Амін.

св. Лявон Вялікі