Get Mystery Box with random crypto!

  Евангелле дня Глядзіце, не выстаўляйце праведнасці вашай п | Грэка-католікі Беларусі

Евангелле дня

Глядзіце, не выстаўляйце праведнасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі вас: інакш няма вам узнагароды ад Айца вашага, Які ёсць у нябёсах. Дык вось, калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб услаўлялі іх людзі. Праўду кажу вам: яны атрымліваюць узнагароду сваю. У цябе ж, калі даеш міласціну, няхай не ведае левая рука твая, што робіць правая, каб міласціна твая была ў тайнасці, і Айцец твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве.

І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі, што любяць у сінагогах і на рагах вуліц, стоячы, маліцца, каб выставіцца перад людзьмі. Праўду кажу вам, што яны атрымліваюць узнагароду сваю. Ты ж, калі молішся, зайдзі ў пакой твой і, зачыніўшы дзверы твае, памаліся Айцу твайму, Які ў тайнасці; і Айцец твой, Які бачыць у тайнасці, аддасць табе на яве.

А молячыся, не гаварыце лішняга, бы язычнікі; бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць; дык не будзьце ж падобныя да іх; бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы ў Яго папросіце. Дык вось, маліцеся так: Ойча наш, Які ёсць у нябёсах! Няхай свяціцца імя Тваё; Няхай прыйдзе Валадарства Тваё; няхай будзе воля Твая як на небе, і на зямлі; хлеб наш надзённы дай нам сёння; і даруй нам правіны нашы, як і мы даруем даўжнікам нашым; і не ўвядзі нас у спакусу, але збаў нас ад ліхога; бо Тваё ёсць Валадарства і сіла і слава навекі. Амін. (Мц. 6, 1-13)