Get Mystery Box with random crypto!

 Штогод 11 лютага, ва ўспамін Маці Божай з Люрда, у Каталіцкай | Грэка-католікі Беларусі

Штогод 11 лютага, ва ўспамін Маці Божай з Люрда, у Каталіцкай Царкве з ініцыятывы Папы Яна Паўла ІІ адзначаецца Сусветны дзень хворых

Папа Францішак у пасланні на XXIX Сусветны дзень хворых заўважыў, што перажыванне хваробы прымушае нас адчуваць сваю бездапаможнасць і адначасова прыроджаную патрэбу ў іншым чалавеку. Мы ўсведамляем сваю залежнасць ад Бога і адчуваем, што не маем канчатковага ўплыву на сваё здароўе. Хвароба ўздымае пытанне пра сэнс жыцця, якое ў веры скіравана да Бога і мае на мэце пошук новага разумення таямніцы існавання. Адказу на гэта пытанне нельга знайсці адразу.

Францішак адзначыў, што хвароба заўсёды мае пэўны твар, і ён не адзін: гэта твар кожнага хворага і кожнай хворай, у тым ліку тых, хто адчувае непавагу, выключэнне, ахвяр сацыяльнай несправядлівасці, якім адмаўляюць у іх асноўных правах.

Спасылаючыся на крызіс, выкліканы пандэміяй, Пантыфік заявіў, што, з аднаго боку, ён выявіў недасканаласць сістэмы аховы здароўя, асабліва ў сферы догляду за пажылымі людзьмі, і роўнага доступу да дапамогі, а з іншага боку падкрэсліў адданасць і ахвярнасць медыцынскіх работнікаў, валанцёраў і духавенства, якія дзякуючы свайму прафесіяналізму, самаадданасці, пачуццю адказнасці і любові да бліжняга дапамагалі, выхоўвалі, суцяшалі і служылі хворым і іх сем’ям.

Святы Айцец нагадаў пра важнасць самых глыбокіх чалавечых пачуццяў у клопаце пра хворых. Ён звярнуў увагу на блізкасць як на каштоўны бальзам, які дае падтрымку і суцяшэнне тым, хто пакутуе. Як хрысціяне, мы адчуваем блізкасць як выраз любові да Хрыста, Добрага Самараніна, Які са спачуваннем зблізіўся з усімі, параненымі грахом.

Папа таксама падкрэсліў важнасць братэрскай салідарнасці, якая выражаецца ў служэнні і можа прымаць розныя формы, і ўсе яны накіраваны на падтрымку бліжняга.

Ён заўважыў, што для поспеху лячэбнага працэсу важны аспект чалавечых адносін, дзякуючы чаму можна мець цэласны падыход да пацыента. Належная ацэнка гэтага аспекту таксама дапамагае ўрачам, медсёстрам, спецыялістам і валанцёрам клапаціцца пра тых, хто пакутуе, і суправаджаць іх у працэсе выздараўлення дзякуючы чалавечым адносінам, заснаваным на даверы.

Папа падкрэсліў, што адносіны да хворага чалавека знаходзяць невычэрпную крыніцу матывацыі і сілы ў любові Хрыста, што дэманструе тысячагадовае сведчанне мужчын і жанчын, якія сталі святымі, служачы хворым. “З таямніцы смерці і ўваскрасення Хрыста выцякае любоў, якая можа надаць поўны сэнс як сітуацыі пацыента, так і таго, хто клапоціцца пра яго”, - перакананы Францішак.