Get Mystery Box with random crypto!

 12 лютага - успамін св. Мялеція, архібіскупа Антыяхійскага С | Грэка-католікі Беларусі

12 лютага - успамін св. Мялеція, архібіскупа Антыяхійскага

Святы Рыгор Багаслоў пісаў пра св. Мялеція: «Ён быў самым набожным біскупам, просты, шчырых звычаяў, поўны Бога, ціхмяны, мужны і пакорлівы». Ён паходзіў з мястэчка Меліціна ў Малой Арменіі, быў біскупам Себастыі, пазней Верэі ў Сірыі, а ў 360 г. імператар Канстанцый па волі біскупаў, якія сабраліся ў Антыёхіі, паклікаў яго стаць архібіскупам Антыёхіі.

Былі гэта часы, калі арыяне пачалі пераважаць над праваслаўнымі, і сам імператар схіляўся да ерасі. Сярод праваслаўных вернікаў Антыёхіі адна частка шукала згоды з арыянамі, а другая не хацела мець нічога супольнага з імі як з ерэтыкамі і гуртавалася вакол святара Паўліна і называла сябе паўліянамі. Арыяне не выступалі супраць абрання Мялеція, бо лічылі, што яго ўдасца пераканаць пагадзіцца з імі.

Аднак здарылася інакш. Святы Мялецій, заняўшы архібіскупскі пасад, рашуча выступіў супраць ерасі і стаў самым гарачым абаронцам святой веры. Святы Мялецій даволі рэўнасна змагаўся супраць арыянскіх аблудаў, і па інтрыгах ерэтыкоў тройчы быў прагнаны з катэдры, паколькі арыяне атачалі Канстанцыя і схілялі яго на свой бок. Антыяхійскі свяціцель вылучаўся незвычайнай лагоднасцю, нястомна прышчапляў сваёй пастве дабрадзейнасці і добрыя норавы, мяркуючы, што на падобнай ніве лягчэй узыдзе насенне праўдзівага веравучэння.

Святы Мялецій высвеціў на дыякана будучага свяціцеля Васіля Вялікага. Таксама свяціцелем Мялеціем быў ахрышчаны і ўзрастаў пры ім і іншы вялікі светач праваслаўя - святы Ян Залатавусны, які пасля напісаў свайму архіпастыру пахвальнае слова.

Пасля Канстанцыя прастол заняў Юліян Адступнік, і святы быў зноў выгнаны, яму прыйшлося хавацца ў таемных сховішчах. Вернуты імператарам Явіянам у 363 годзе, святы Мялецій напісаў багаслоўскі трактат "Выклад веры", які спрыяў навяртанню да праваслаўя многіх арыянаў.

У 381 годзе, пры імператары Тэадозіі Вялікім (379 - 395), адбыўся II сусветны сабор. У 380 годзе свяціцель адправіўся на II сусветны сабор у Канстантынопаль і быў яго старшынёй. Падчас гэтага Сабора свяціцель Мялецій адышоў да Госпада. Святы Рыгор Ніскі ўшанаваў памяць спачылага пахвальным словам.

Захаваліся слова святога Мялеція пра адзінасутнасць Сына Божага з Богам Айцом і яго ліст да імператара Явіяна аб вызнанні Святой Тройцы. Мошчы святога Мялеція былі перанесены з Канстантынопаля ў Антыёхію.