Get Mystery Box with random crypto!

Апостал дня Гора ім, бо ідуць дарогай Каінавай і паддаліся аш | Грэка-католікі Беларусі

Апостал дня

Гора ім, бо ідуць дарогай Каінавай і паддаліся ашуканству, як Валаам, і ў зацятасьці гінуць, як Карэй. Такія бываюць спакусай на вашых вячэрах любові: банкетуючы з вамі і пасьвячы саміх сябе; гэта - бязводныя хмары, што вецер носіць; восеньскія дрэвы, бясплодныя, двойчы памерлыя, выкарчаваныя; раз'юшаныя марскія хвалі, што, пенячыся, выкідаюць сваю брыдоту, зоркі вандроўныя, для каторых непраніклівая цемрадзь навек прызначана.

Пра іх прарочыў і Энох, сёмы ад Адама, кажучы: "Вось, ідзе Госпад з процьмаю сьвятых анёлаў Сваіх - чыніць суд над усімі і выкрыць усіх сярод іх бязбожных ва ўсіх справах, якія ад бязбожнасьці іхняй, і за ўсе жорсткія словы, якімі ганілі Яго бязбожныя грэшнікі". Гэта - наракальнікі, нічым не задаволеныя, што ходзяць у сваіх пажадлівасьцях (бязбожна і беззаконна); вусны іхнія вымаўляюць пыхлівыя словы; і зважаюць на асобы з карысьлівасьці.

Але вы, любасныя, памятайце прадказанае апосталамі Госпада нашага Ісуса Хрыста; яны казалі вам, што апошнім часам зьявяцца насьмешнікі, якія будуць хадзіць у сваіх бязбожных пахацінствах. Гэта - людзі, якія адлучаюць сябе (ад адзінства веры), душэўныя, але бяз духу.

А вы, любасныя, будуючыся на найсьвяцейшай веры нашай, молячыся Духам Сьвятым, захоўвайце сябе ў любові Божай, чакаючы міласьці ад Госпада нашага Ісуса Хрыста, на вечнае жыцьцё; і да адных будзьце літасьцівыя, з разважлівасьцю; а другіх страхам ратуйце, вырываючы з агню, выкрывайце са страхам, пагарджаючы нават вопраткаю, якая апаганена целам.

А Таму, Хто можа захаваць вас ад падзеньня і паставіць перад славаю Сваёю беззаганнымі ў радасьці, адзінаму, самаму мудраму Богу, Збаўцу нашаму праз Ісуса Хрыста, Госпада нашага, слава: веліч, сіла і ўлада перад усімі вякамі, сёньня і ўсявечна. Амін. (Юд. 1, 11-25)