2021-09-08 08:42:26
Дала комментария «Свободе» о том, как за год изменилось белорусское православие. Три ключевых эффекта - социальная ангажированность нового типа; поляризация; формирование ядра православного сообщества.
«Праваслаўная царква, як і цэрквы ўвогуле, не спрычынілася да падзей 2020 году: ня цэрквы былі наперадзе руху за мір, справядлівасьць, сумленныя выбары, дэмакратычныя правы і свабоды. Але і як рэакцыйныя сілы ў час прэзыдэнцкай кампаніі цэрквы таксама не выступалі — улады прыцягнулі да агітацыі за сябе стандартны, знаёмы па мінулых часах, досыць вузкі пул сьпікераў.
Драматычныя падзеі 9–11 жніўня, беспрэцэдэнтны гвалт, а потым і надзвычайнае беззаконьне, аднак, прывялі да маральнага напалу ў грамадзтве, гранічна звузілі для публічных інстытуцый, а таксама і проста для кожнай беларускі ці беларуса, магчымасьць жыць сваім жыцьцём і займацца сваёй справай, ігнаруючы тое, што адбываецца навокал. Мноства прадстаўнікоў і лідэраў царквы, у тым ліку праваслаўнай, выступілі ў падтрымку мірнага пратэсту і парадку дня дэмакратычных сіл, выяўляючы ня столькі сваю палітычную, колькі маральную і хрысьціянскую пазыцыю. Такім чынам, першым эфэктам стала сацыяльная заангажаванасьць, якая, да таго ж, стала заяўкай на эмансыпацыю царквы ад дзяржавы.
Унутры царквы экспанэнцыйна вырас попыт на сьмеласьць, на крытыку дзяржаўных інстытуцый з маральнага гледзішча, на падтрымку правоў чалавека і дэмакратыі. Гэта прывяло да іншага эфэкту — палярызацыі. Маральная вастрыня пытаньняў стварыла супрацьстаяньне ўнутры царкоўнай супольнасьці, якая раней была досыць аднароднай: 1) абыякавая большасьць; 2) схільныя да падтрыманьня збалянсаванай ляяльнасьці да ўладаў лідэры; 3) актыўная прарэжымная і антызаходняя меншасьць, да якой лідэры ставіліся з разуменьнем; 4) прадэмакратычная, часта нацыянальна арыентаваная і палітычна актыўная меншасьць, ад якой лідэры дыстанцыяваліся.
У выніку падзей 2020 году сытуацыя зьмянілася — пачало фармавацца новае ядро ўнутры супольнасьці, уключна са сьвятарамі, супрацоўнікамі царкоўных арганізацый, актыўнымі вернікамі, для якога, па-першае, пэўныя сацыяльныя каштоўнасьці і прынцыпы набылі актуальнасьць як частка духоўнага жыцьця, частка іх асабістай хрысьціянскай ідэнтычнасьці і іх бачаньня місіі царквы ў сьвеце. А па-другое, якія гатовыя ісьці на супрацьстаяньне з царкоўнай герархіяй дзеля адстойваньня гэтых прынцыпаў. Такая супольнасьць пакуль знаходзіцца ў стадыі фармаваньня, але ў доўгатэрміновай пэрспэктыве яна валодае магутным патэнцыялам цалкам перафарматаваць беларускае праваслаўе».
https://svaboda.global.ssl.fastly.net/a/31448571.html
142 views05:42