Get Mystery Box with random crypto!

Рубрыка #размова 7 маіх пытанняў – 7 адказаў ад стваральнікаў | Беларускія падкасты

Рубрыка #размова

7 маіх пытанняў – 7 адказаў ад стваральнікаў падкастаў, пра якія ідзе гаворка ў канале.

Сённяшняя размова са стваральніцай падкаста “Так склалася гістарычна” Ганнай Дзягель.


- Калі вы даведаліся пра падкасты і вырашылі рабіць свой?

Пра падкасты я ведала даўно. Пэўна першае знаёмства было з праектам Радыё Арзамас. Але я не глыбока пагрузілася ў гэтую тэму, было больш звыкла слухаць фонам падкасты і інтэрв'ю на Ютубе.

- Дзе вы атрымлівалі веды пра тое, як рабіць падкасты?

Выпадкова мне трапілася на вочы рэклама лабараторыі падкастаў з Брэсту Цэх-162. У іх быў бясплатны курс па запуску падкастаў. Вось адтуль асноўныя веды і ўзяла. А яшчэ пабывала госцем у падкасце і пабачыла, як гэта выглядае з іншага боку. Аказалася, у цэлым усё не так складана.

- Як тэхнічна вырашылі пытанне запісу падкаста?

Я пайшла простым шляхам: арэндую студыю з апаратурай. Гук манціруюць мне там жа. Якасць добрая, хацелкі выкананыя, час зэканомлены )

- На якой пляцоўцы ў вашага падкаста найбольш слухачоў?

На сёння больш за ўсе праглядаў на Ютубе (але там улічваюцца нават самыя кароткія прагляды, таму гэта не зусім рэлевантна). Потым ідуць Apple падкасты (42% усіх праслухоўванняў), а потым усе астатнія праграмы.

- Як знаходзіце аўдыторыю для вашага падкаста?

Першыя слухачы, канешне, сябры і знаёмыя. Потым з'явілася крыху невядомых мне людзей. Я спрабавала таргетаваную рэкламу, але гэта фіяска (альбо я проста не ўмею). Найбольшы плён даў узаемны піяр з іншымі падкастамі, сходнымі па тэматыцы інстаграм-акаўнтамі і г.д. Таму ўзаемадапамога – нашае ўсё!

- За што вы любіце падкасты?

Я люблю падкасты за тое, што можна рабіць нейкія аўтаматычныя рэчы: прыбірацца, афармляць спіс літаратуры, ехаць у транспарце ці стаяць на прыпынку – і пры гэтым праводзіць час з карысцю, у прыемнай кампаніі разумных людзей.

- Якія падкасты слухаеце самі і можаце парэкамендаваць іншым?

З беларускіх:
"Bellit". Тут мне падабаюцца агляды на сучасную беларускую літаратуру і сусветныя навінкі. Адразу хочацца ўсё пачытаць. А калі не будзе часу, то ўсё адно атрымаеш уяўленне пра гэтыя кнігі.
"Белліт пад піва" – тут дзяўчаты чытаюць і абмяркоўваюць, здавалася б, вядомыя творы, здавалася б, вядомай са школы літаратуры, але пад нечаканым градусам (ну, пад піва ж ;) ).

З расійскіх "Закат империи" пра Расійскую імперыю канца 19 – пач. 20 ст, і праекты Арзамас: "Отвечают сирийские мистики" пра сірыйскіх хрысціян-містыкаў, "От хора до хардкора" – пра музыку і іншыя.

Бонус! Я не утрымалася, каб задаць Ганне восьмае пытанне, пра яе досвед працы з Patreon. Вось што яна адказала:

- Амаль ад самага пачатку стварэння падкасту я завяла старонку на Patreon. Выставіла амаль стандартныя налады (цяпер іх крыху змяніла). І, пасля таго як я расказала пра іcнаванне такога спосабу падтрымкі ў падкасце і сацсетках, туды пачалі дадавацца гэтыя святыя людзі! Для мяне кожны новы патрон – маленькі цуд. І кожны патрон, які застаўся пасля спісання грошаў, яшчэ большы цуд ) Зараз у мяне 19 патронаў.