Get Mystery Box with random crypto!

Хрыстос уваскрос! Адзін з важных момантаў уваскрасення для мя | Беларусь

Хрыстос уваскрос!

Адзін з важных момантаў уваскрасення для мяне асабіста ёсць у гэтых вершах, якія хіба рэдка цытуюць на Пасху:

І што яшчэ скажу? Бо ня хопіць мне часу, каб распавядаць пра Гедэона, Барака, пра Самсона і Ефтая, пра Давіда і Самуэля, і пра прарокаў, якія вераю перамагалі валадарствы, чынілі праведнасьць, атрымлівалі абяцаньні, загароджвалі пашчы ільвоў, тушылі сілу агню, уцякалі ад вострыва мяча, умацоўваліся ад слабасьці, ставаліся дужымі ў бітве, прымушалі ўцякаць табары чужынцаў, жонкі атрымлівалі памёршых сваіх уваскрошанымі; а іншыя былі замучаныя, не дачакаўшыся адкупленьня, каб атрымаць лепшае ўваскрашэньне, іншыя паспыталі зьдзекаў і тартураў, а яшчэ путаў і вязьніцы, былі каменаваныя, пілаваныя, спакушаныя, былі забіваныя мячом, бадзяліся ў авечых і казіных скурах, маючы нястачу, прыгнёт, нягоды; тыя, якіх сьвет ня быў варты, туляліся па пустынях і горах, па пячорах і шчылінах зямлі. І ўсе яны, што засьведчаныя вераю, не атрымалі абяцаньня, бо Бог прадугледзеў адносна нас нешта лепшае, каб яны не бяз нас асягнулі дасканаласьць.

ГЕБРАЯЎ 11:32 - 40 НЗПРП

Сёння, ведаючы пра Ісуса і пра Ягоную славу мы маем куды больш нагоды для веры чым вышэй згаданыя прарокі і мужы веры. Ісус Хрыстос — першы, Хто ўваскрос. Першы, Хто перамог смерць. Ён быў цалкам паслухмяны Айцу і быў за гэта праслаўлены між усімі, хто жыў на гэтым свеце. Прароцтвы пра ўваскрасенне меліся, але тыя, хто жывуць ў часе цяперашнім, маюць нашмат лепшае. Мы пабачылі тое, як будзем уваскрошаныя мы, калі пойдзем за Госпадам. Мы — тыя, хто дачакаліся адкуплення!

Многія мужы веры часоў Старога Запавета не бачылі такой перспектывы. У адрозненні ад Божых людзей мінулых часоў, мы маем жывы прыклад уваскрэслага Ісуса. Цела Яго было пераменена. Гэта было не такое цудоўнае ажыўленне, як то згадваецца ў Пісаннях, або бывае ў сённяшнія дні. Гэта было лепшае ўваскрасенне, як піша апостал Павал гебраям. Так выглядае нашае адкупленне.

Але як гэты факт уплывае на нашае жыццё? Ці гатовыя мы сёння пайсці за Госпадам шляхамі Давіда і Гедэона, куды лепш ведаючы плату Госпада за вернасць Яму? Ці маем мы мужнасці сёння разарваць пашчу ільва, ідучы за Ісусам? Ці такія ж мы ўкрыжаваныя для зямнога жыцця, ці такія ж мы мёртвыя для граху, як быў Ісус?

Гледзячы на сваё жыццё я гэтага не знаходжу. Тым больш мне патрэбная памяць пра цудоўную Божую ахвяру, якая дае сілы вырвацца з палону грэху і самаправеднасці. Тым больш я мушу глядзець на Ісуса, і тую каласальную працу, якую Ён зрабіў за гады свайго служэння. Тым больш я мушу глядзець на крыж, дзе разам з найвялікшай несправядлівасцю сышлася і найвялікшая любоў.

Слава Госпаду Ісусу Хрысту! Хрыстос уваскрос!