Get Mystery Box with random crypto!

​​11 лістапада - дзень заканчэння Першай Сусветнай вайны. Пра | Беларускі Бабілон

​​11 лістапада - дзень заканчэння Першай Сусветнай вайны.

Пра гэты вайну перагаворана шмат, хаця ў нас значна менш, чым павінна было б.

Сярод іншага ніхто, падаецца, не звярнуў увагу на адзін дзіўны факт датычны беларускай гісторыі ў гэтай вайне.

Пачынаючы з глыбокага XVI ст. (а можа і раней) не было ні адной вялікай вайны на нашых землях, якую б беларусы (як бы яны сябе тады не называлі) не пераўтварылі ў грамадзянскую. Лівонская, Патоп, Паўночная, Напалеонаўская, Грамадзянская, Другая Сусветная.

Усюды беларусы арганізавана ваявалі супраць сваіх на іншым баку.

Апроч адной - Першай Сусветнай. Менавіта ў гэту вайны тысячы беларусаў, не дужа супраціўляючыся, а дзесьці і з пэўнай ахвотай, пайшлі на фронт. І, вось дзіва, не мусілі штыкамі прабіваць жываты сваім суродзічам.

Такая вось дзіўная асаблівасць той вайны.

Таму, глупая дыскусія тутэйшых рускамірцаў, якую вайну лічыць больш "Айчыннай" - напалеонаўскую ці другую сусветную -, закругляецца досыць проста. Чыста фармальна пад гэту ідэалагізаваную катэгорыю падыходзіць толькі першая сусветная.

Сялянам пра айчыннасць той вайны казалі папы ў цэрквах. Беларускія нацыянальныя дзеячы Расію сваёй маці-радзімай не лічылі, але прынамсі прызнавалі яе нягеглай мачыхай і без асаблівых пярэчанняў пайшлі на фронт.

Ладная частка будучай Рады БНР прайшла праз тую вайну. І ўсе былі на адным баку (з тых хто ваяваў). А некаторыя да той Рады магчыма проста не дажылі. Як, напрыклад, мілоснік беларусаў князь Мікалай Радзівіл, які гераічна загінуў у першы год баёў. На фронт ён пайшоў добраахвотна.

Менавіта таму частка Рады так негатыўна ўспрыняла тую няшчасную грамату да кайзера. Нават пасля развалу Расіі, немец заставаўся для іх ворагам.

Такі вось паварот гісторыі. Для Імперыі - гэта была першая вайна, на якую яна адпраўляла падданых, а вярнуцца з яе маглі грамадзяне. Грамадзяне той імперыі. Але, як прынята ў рускіх, у самы важны момант яны ўсё прафукалі і пабеглі будуваць рай на зямлі, які апынуўся пеклам.