Get Mystery Box with random crypto!

​​Глыбоцкі краязнаўца Кастусь Шыталь паведаміў у фэйсбуку, што | Беларускі Бабілон

​​Глыбоцкі краязнаўца Кастусь Шыталь паведаміў у фэйсбуку, што ўчора памёр Антон Фурс з Паставаў.

Мне гэтае імя ўрэзалася ў памяць яшчэ ў студэнцкія часы, у першай палове нулявых, калі ў рукі патрапіўся даведнік "Антысавецкія рухі ў Беларусі: 1944-1956". Тады гэтая тэма была на ўздыме. Цягам 1990-ых адкрываліся ўсё новыя і новыя факты пра антысавецкую дзейнасць беларусаў і дзесьці наперадзе ззяла мара выбудаваць з гэтых фактаў сапраўдную, альтэрнатыўную, гераічную гісторыю Беларусі ХХ ст. Не атрымалася. Фактаў аказалася недастаткова, частка з іх не падцвердзілася, мара згасла.

Але адзін сюжэт застаўся і, мне падаецца, яшчэ ўвойдзе ў падручнікі па гісторыі Беларусі асобным параграфам.

У 1945 годзе па ўсёй Заходняй Беларусі нечакана пачалі ўзнікаць моладзевыя патрыятычныя падпольныя саюзы, часцей за ўсё ў настаўніцкіх вучэльнях. На сёння нам вядома каля дзесяці такіх эпізодаў. Глыбокае, Паставы, Наваградак, Слонім, Ліда... Вось жа, адным з кіраўнікоў "Саюза беларускіх патрыётаў" у Глыбокім і Паставах быў Антон Фурс.

Стварэнне такой колькасці падпольных аб'яднанняў не было нейкай спланавай акцыяй "заходніх куклаводаў". Проста ў 1945 годзе ў настаўніцкія семінарыі прыйшла натхнёная моладзь, якая паспела павучыцца ў трох розных школах: спачатку хадзіла ў антыбеларускія польскія школы, пасля ў значна больш беларускія савецкія школы, а пасля патрапіла ў супербеларускія школы пад нямецкай акупацыяй. 

А калі вайна скончылася, яны прышлі ў савецкія настаўніцкія вучэльні, каб самім стаць настаўнікамі і вучыць дзяцей правільнай Беларусі. Ну і няцяжка ўявіць якое расчараване іх сустрэла. Дысананс быў такі вялікі, што моладзь пачала гуртавацца ў падпольныя арганізацыі. У большасці выпадкаў гэта былі абсалютна мірныя і безгвалтоўныя моладзевыя суполкі, якія дэкларавалі сваімі ідэаламі вольную Беларусь пад бел-чырвона-белым сцягам і збіраліся раз на тыдзень, каб пра гэта пагаварыць.

Але зразумела, што МГБ, маючы актуальны вопыт змагання з сапраўдным ворагам, нескладана было раскрыць гэтыя студэнцкія аб'яднанні. Усё па метадычцы: выяўлялі, засылалі правакатараў, бралі, атрымлівалі новыя зорачкі на пагоны. У глыбоцка-пастаўскай арганізацыі да розных тэрмінаў пакарання былі прысуджаныя больш за 40 чалавек. 4 чалавека прысудзілі да расстрэла. Сярод іх быў і Антон Фурс. Але пазней расстрэл замянілі на 25 год лагероў, з якіх хлопцы адседзілі 9. Пасля было яшчэ шмат чаго, але па выніку Антон Фурс з жонкай (таксама ўдзельніцай СБП) вярнуліся на Радзіму, у Паставы, дзе і пражылі рэшту жыцця.

Я думаю, што гэты кароткі сюжэт пасляваеннай гісторыі (1945-1947) ёсць вельмі важным пунктам у гісторыі станаўлення беларускай нацыі. У маштабе ён безнадзейна губляецца сярод тых эпахальных падзеяў, якія адбываліся ў БССР пасля вайны, але на сімвалічным узроўні вельмі істотны.

Гэты сюжэт пра тое наколькі важная сапраўдная адукацыя, наколькі хутка яна спрацоўвае, і ў якіх жахлівых умовах можна яе рэалізоўваць. Пра тое як ў СССР баяліся любых адрозных ідэалагічных пазіцый і зразалі пакаленне за пакаленнем натхнёную моладзь. 

І пра тое, як гэта не дапамагло. У жніўні 2020 года, калі жыхары Паставаў выйшлі на цэнтральную плошчу пад бел-чырвона-белымі сцягамі, Антон Фурс быў з імі. 

Вось тут можна пачытаць даўняе інтэрв'ю з Антонам Фурсам: «Прысягу прымалі пад бел-чырвона-белым сцягам і «Пагоняй»

А вось тут паглядзець дакументальны фільм з удзелам Фурса. Фінал там добры, раю паглядзець: "Глыбоцкая змова"

фота з фэйсбука Кастуся Шыталя