Get Mystery Box with random crypto!

Адзін са спартовых функцыянераў, якія угаворвалі лёгкаатлетку | Беларускі Бабілон

Адзін са спартовых функцыянераў, якія угаворвалі лёгкаатлетку Ціманоўскую залегчы "на дно", прывёў прыклад таго, як Кутузаў у 1812 годзе "удала" здаў Маскву , чым дэзарганізаваў напалеонаўскую армію і пасля перамог. Вось і Ціманоўскай трэба здаць сваю Маскву, каб пасля перамагчы.

Сказаць пра гэта хочацца шмат чаго, але дадзены канал гістарычны, таму я проста скарыстаюся нагодай і парэкамендую вельмі добрую кнігу.

Адам Замойский "1812. Фатальный марш на Москву".
(можна набыць у інтэрнэце)

Гэта кніга прызнаецца аматарамі напалеаністыкі адным з лепшых твораў, які раскрывае падзеі 1812 года. Напісана лёгка, але ў той жа час з неабходным паглыбленнем у вузлавыя сюжэты гісторыі.

Замойскі не хайпуе на тэме, не перамагае неверагодныя міфы, не настойвае на праўдзе ў апошняй інстанцыі, але максімальна асэнсавана паказвае, як разгортвалася гэтая гісторыя.

Вось жа, ён пераканаўча даводзіць, што Кутузаў не планаваў ніякай здачы Масквы. Уся кампанія 1812 года ажно да выхаду Напалеона з Масквы дыктавалася адной эмоцыяй - містычным страхам перад непераможным Напалеонам.

Першы факап здарыўся ў самым пачатку, калі Аляксандр І некалькі месяцаў правёў у Вільні, рыхтуючыся даць адпор свайму калегу, але ўсё было арганізавана так дрэнна, а страх настолькі замаруджваў, што калі Напалеон падышоў да Нёмана, расійская армія, якая доўга рыхтавалася да гэтай падзеі, папросту адступіла, а імператар збёг у сталіцу.

Так пачалося доўгае адступленне да Масквы. Адным з галоўных панікёраў у войску быў якраз Кутузаў (ягоныя вайсковыя таленты, дарэчы, ставяцца зараз пад вялікі сумнеў). Ён з цяжкасцю пагадзіўся на Барадзінскую бітву і без усялякіх цяжкасцяў на здачу Масквы.

Зразумела, што тактычныя плюсы ад маштабнага адступлення абмяркоўваліся ў штабе, але Замойскі пераканаўча даводзіць, што базавым матывам такой тактыкі быў якраз страх перад непераможным Імператарам.

Па выніку, Расія выйграла тады не дзякуючы хітрасці Кутузава, але дзякуючы некалькім фатальным памылкам самаго Напалеона і наяўнасці ў расійскім войску пэўнай колькасці вопытных і талковых генералаў, якія ў сітуацыі штабнога бардака бралі на сябе адказнасць і супрацьдзейнічалі французам, нягледзячы на страх.

Па сукупнасці фактараў, Кутузаў, якія баяўся французскага імператара нават пад час бітвы на Бярэзіне (з-за чаго і спазніўся на разгром), выйшаў з гэтай вайны велічным пераможцам.

Ведаючы гэтыя нюансы, метафара з Кутузавым выглядае досыць дарэчнай: калі б сістэма падпарадкавалася страху і пачала адступаць, то можа здолела б сябе захаваць, а нават і выйграць.

Але спартовы функцыянер не ўлічыў аднаго моманту: Напалеон у гэтай сітуацыі гуляе з іншага боку, ён стаіць за спінай Кутузава і загадвае ісці напралом.