Get Mystery Box with random crypto!

Пазаўчора памерла найстарэйшая прадстаўніца роду Радзівілаў - | Беларускі Бабілон

Пазаўчора памерла найстарэйшая прадстаўніца роду Радзівілаў - Эльжбета Тамашэўская.

Ёй было 103 гады.

Гэтая навіна ў маёй фрэндстужцы перабіла нават навіны пра рэпрэсіі, што падавалася зусім немагчымым.

Фармальна гэта выглядае дзіўна. Пані Эльжбета не нарадзілася ў Беларусі, у дарослым узросце бывала ў нас толькі некалькі разоў, прычым другі раз патрапіла да нас крыху выпадкова (за гэту выпадковасць мусім дзякаваць Глебу Лабадзенку). Беларускай сябе княгіня не называла, дый нічым асаблівым пад час вандровак па сваіх ваколіцах не адзначылася.

Чаму ж пра яе напісалі ўсе?

Напэўна таму, што Эльжбета Радзівіл увасабляла сабой аскепак той гісторыі Беларусі, якую мы згубілі ў ХХ ст. і па якой маем цяпер фантомныя болі ў той ці іншай ступені.

Маленькая дзяўчынка, якая сядзіць на балконе нясвіжскага замка, не як турыста, ці прыслуга, а як гаспадыня. Сядзіць там дзе да яе сядзелі дзясяткі ейных продкаў мінулых стагоддзяў, пра якіх мы чытаем у школьных падручніках. Гэта не проста фота, але "партал" у мінулае, які спрацоўвае на вельмі вялікую колькасць беларусаў.

Што самае цікавае (і каштоўнае), княгіня Эльжбета магла і не быць такім "парталам". Гэта залежыла ад яе. Дастаткова было адной фразы, каб мы развярнуліся і расчараваныя пайшлі па дамах. Што-небудзь пра родную Польшчу, няправільных беларусаў, правы на маёмасці...

Але Эльжбета разам з Мацеем Радзівілам ўзялі на сябе місію несці гэты грааль гісторыі, якім ёсць для нас род Радзівілаў, і вельмі далікатна, але ўпэўнена прынеслі яго ў сучасную Беларусь.

Падаецца, атрымалася. Амбасадары мінулага ў нас з'явіліся менавіта ў вобразе Радзівілаў.

За што пані Эльжбеце вялікі дзякуй. RIP.