Get Mystery Box with random crypto!

Пачуў сёння ў нейкім мацюгальніку - 'Дзень незалежнасці ад ня | Беларускі Бабілон

Пачуў сёння ў нейкім мацюгальніку - "Дзень незалежнасці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў".

Мне падаецца, што нават у чалавека, які не разбіраецца ў юрыдычнай тэрміналогіі, такая фраза павінна выклікаць пачуццё няўтульнасці.

Бо не можа быць незалежнасць ад акупантаў.

Незалежнасць - гэта абвяшчэнне сваёй суб'ектнасці / дзяржаўнасці.

Калі пазней вас захапіў вораг, гэта не абазначае аўтаматычнай ліквідацыі суб'ектнасці. Бо афіцыйны ўрад у эміграцыі, ці ў падполлі абвяшчае ворага акупантам, тэрыторыю акупаванай і суб'ектнасць захоўваецца.

І пасля вызвалення няма неабходнасці абвяшчаць незалежнасць, бо яна не страчвалася, хай сабе і была моцна абмежаваная.

Незалежнасць трэба зноў абвяшчаць толькі ў выпадку, калі гэтая суб'ектнасці сапраўды знікла. Напрыклад, у выніку вельмі доўгай акупацыі. Вось Расійская імперыя у пачатку ХІХ ст. відавочны акупант для земляў Рэч Паспалітай, а ў пачатку ХХ ст. ужо не зусім, бо суб'ектнасць "сцёрлася". Таму і патрэбна было абвяшчаць яе ўсім народам былой РП наноў у 1918 годзе.

З "днём незалежнасці" 3 ліпеня, тут выходзіць парадаксальная сітуацыя.

Калі пасля вызвалення Беларусі ад немцаў мы святкуем дзень незалежнасці, мы аўтаматычна сцвярджаем, што нашая суб'ектнасць была пераваная.

Што БССР у пэўны момант скончылася і беларусы так ці інакш пагадзіліся на новую ўладу.

І што не было ніякіх партызанаў і дзяржаўных структур у эвакуацыі.

Карацей, "дзень незалежнасці" 3 ліпеня аўтаматычна абнуляе ўсю БССР да 1944 года і, што цікава, не дужа ўводзіць яе пасля 1944. Бо ніякага дакумента (дэкларацыі, маніфеста) падпісана тады не было.

А як вядома, без паперкі ты фанерка.

Зрэшты, з БССР так і было, але ўсё адно крыўдна неяк атрымліваецца.