Get Mystery Box with random crypto!

Падпісчыкі даслалі невялікі тэкст пад назвай 'Што агульнага ў | Беларускі Бабілон

Падпісчыкі даслалі невялікі тэкст пад назвай "Што агульнага ў паўстання-1863 і пратэстаў-2020?".

Там 5 пунктаў, чым падзеі 1863 года падобныя да 2020. Я сам магу назваць яшчэ дзясятак. Бо калі вяду экскурсію па падзеях паўстання, то асацыяцыі проста бьюць у вочы.

І тут звычайна прынята казаць, што параўноўваць ня варта, бо гэта розныя эпохі і так далей (на экскурсіях і я так кажу). Але агулам, мне падаецца, такія параўнанні, калі разглядаць іх у якасці разумовых практыкаванняў, вельмі карысныя. Праводзіць паралелі паміж рознымі гістарычнымі падзеямі можна і трэба, толькі важна захоўваць цвярозую галаву.

Вось жа, нягледзячы на цэлы вадаспад асацыяцый паміж 1863 годам і 2020 і падабенства самога працэса (паўстанне супраць цара), агульна гэтыя сюжэты вельмі адрозніваюцца. І базавых адрозненняў два з паловай:

У 1863 годзе было запланаванае паўстанне, а ў 2020 ніхто нічога не планаваў. І гэта важная розніца, калі мы бярэмся выстаўляць цэнкі.

Цяпер у нас зусім іншая разстаноўка сіл, асабліва ў сітуацыі, калі буйныя ігракі (у першую чаргу Расія), выконваюць пакуль што ролю назіральнікаў. Падтрымка пераменаў у 2020 годзе ў народзе значна большая, чым была ў 1863.

Ну і крыху самаўпэўнены пункт, але. Мы цяпер разумеем, што ў 1863 годзе паўстанне было паднятае ўнутры моцнай, стабільнай імперыі, без аніякіх намёкаў на крызіс. А самі паўстанцы ішлі змагацца за фантомы (тут пра гэта пісаў). Я шчыра перакананы, што ў нас цяпер ўсё наадварот: сістэма даўно ў крызісе, а нашыя патрабаванні больш адпавядаюць рэальнасці.

А вось самае цікавае падабенства заключаецца ў тым, што Лукашэнка спрабуе паводзіць сябе, як Міхаіл Мураўёў. Застрашванне, кропкавыя + масавыя рэпрэсіі, сялянскія патрулі, пасадкі невінаватых, але падазроных... І ўсё гэта ў абгортцы змаганне з польскімі ўплывамі (!). Хоць зрэшты ёсць у гэтым логіка: Лукашэнка сімвалічна апошні выпускнік тых школаў, якія панабудаваў у Беларусі Мураўёў 150 год назад. Таму і змагаецца з фантомамі ХІХ ст.