Get Mystery Box with random crypto!

Учора мы ўзгадвалі пра Мікалая Дзядка з нагоды яго 34-га дня н | Admyslova

Учора мы ўзгадвалі пра Мікалая Дзядка з нагоды яго 34-га дня нараджэння, сёння пачынаем знаёмства з яго справамі. Ніжэй будзе фрагмент з артыкула Мікалая Дзядка “Турма і воля: культурны абмен”. У 2018 годзе за гэты артыкул Мікалай быў уганараваны прэміяй для маладых журналістаў імя Аляксея Караля. У артыкуле Дзядок разважае пра турму як з’яву і сістэму, негатыўныя праявы якой паступова распаўсюджваюцца на ўсё грамадства, як ракавыя метастазы, калі гэтаму не перашкаджаць. Дзядок дае свой адказ на тое, як з гэтым змагацца:

“І тут будзе не лішнім нагадаць, што каштоўнасці турэмнай культуры, такія, як культ сілы, пагарда да слабых, пакланенне перад начальствам, крывадушнасць і двудумства, «традыцыйныя каштоўнасці» (у самым нягодным іх выглядзе), з’яўляюцца вельмі ўрадлівай глебай для росквіту аўтарытарызму і дыктатуры любога кшталту, бо заахвочваюць кансерватызм, страх, абмежаванасць мыслення, замацоўваюць несправядлівасць і «права моцнага» на ўсіх узроўнях грамадства. Гэтыя маральныя ўстаноўкі, будучы ўкаранёнымі ў грамадскай свядомасці, шматкроць павышаюць кіраванасць грамадства, гэтаксама, як наяўнасць у турме каст («блатных», «мужиков», «петухов») павышае кіраванасць зонай для яе адміністрацыі.

Адзіным эфектыўным сродкам барацьбы з гэтай негатыўнай з’явай — іерархічнымі і антыгуманнымі парадыгмамі мыслення і сацыяльнымі практыкамі як турэмнага, так і нетурэмнага паходжання — можа быць толькі фарміраванне моцнай і жыццяздольнай культуры ці нават набору такіх культур (бо маналітныя культуры няўстойлівыя ў нашым плюралістычным свеце), якія б базіравалася на каштоўнасцях альтруізму, эгалітарнасці і гуманізму.

А паколькі гэта, як можна пераканацца па сённяшніх сацыяльных рэаліях, у спіс інтарэсаў дзяржавы ніяк не ўваходзіць, дык такая задача застаецца цалкам на плячах грамадзянскай супольнасці і кожнага нас у прыватнасці”.

Адмыслоўца таксама звяртае ўвагу на пералік тэгаў пад гэтым артыкулам Мікалая Дзядка, так бы мовіць, “камплімент ад рэдактара”:
турма, зняволенне, вязні, пенітэнцыярная сістэма, шансон, аўтарытарызм, іерархія, сэксізм, гамафобія, жанчыны.

#Беларуская_глыбіня #База #Палітвязні #Дзядок