Get Mystery Box with random crypto!

Заснуць, не зважаючы на сьвітанак. Прачнуцца, калі сонца ўжо п | Zhubleny Lichtaryk

Заснуць, не зважаючы на сьвітанак.
Прачнуцца, калі сонца ўжо пайшло.
Празрыстая лёгкасьць маіх фіранак
Надзейна захільвае шчыльны змрок.

За ёй не відаць ні імжы, ні сьцюжы,
Узоры вычварныя вабяць зрок.
За ёй не чуваць ні імшы, ні службы.
І мне так утульна. Па гэты бок.

Мне часам здаецца, навокал космас,
А я на прасторавым караблі
Лячу ў невядомасьць, лячу да зорак.
Далей ад людзей і усёй Зямлі.

Я бачу тады рэчаіснасьць нечым,
Падобным на казкі мінулых год.
Ніхто не штурхае цябе у плечы.
Ніхто не марудзіць твой шпаркі ход.

Ня ведаю, можа калі так будзе,
Што я абуджуся - а там сьвятло,
Паветра сьвежае ў поўных грудзях,
І па-над горадам сьпеў званоў.

Але неістотна ўсё насамрэч.
Бо покуль надзея яшчэ жыве,
Мы вольныя самі запальваць сьвечы,
Мы вольныя самі сьпяваць сабе.