Get Mystery Box with random crypto!

​​Стрэл у галаву за тое, што любіў Беларусь і верыў у бога. Кс | Супер Мова

​​Стрэл у галаву за тое, што любіў Беларусь і верыў у бога. Ксёндз, які забіў сябе сам

Ці можа сьвятар скончыць жыцьцё самагубствам, ведаючы, што ягоная душа ніколі не пазбавіцца страшэннага граха? Можа. Калі любоў да радзімы і матчынай мовы, прага да справядлівасьці і праўды пераважвае думкі пра верагоднае пекла па-за сьмерцю. А яшчэ калі жыцьцё ў пекле на зямлі становіцца немагчымым.

11 ліпеня 1885 году
ў Мядзельскім раёне нарадзіўся Францішак Рамейка, каталіцкі сьвятар-адраджэнец, беларускі грамадзкі дзяяч.

Ксёндз Рамейка спачатку служыў у Вільні і Іўі, а потым яго перавялі ў беларускую вёску Шарашова, што ў 20 км ад Пружанаў. У 1863 годзе мястэчка без бою здалося паўстанцам Каліноўскага. Помста царскіх карнікаў была імгненнай і жудаснай: усю дарогу ад Шарашова да бліжэйшых Купічаў абсталявалі шыбеніцамі з закатаванымі, а потым павешанымі паўстанцамі. І забаранілі іх здымаць. Ксёндз Рамейка, нашчадак тых самых паўстанцаў, у бліжэйшым Вялікім Сяле пачаў размаўляць па-беларуску, адчыняць беларускія школы й прытулкі, зьбіраць беларускі хор.

Ён выступаў за шырокае ўжываньне беларускай мовы ў набажэнствах. У 1925 годзе сярод іншых беларускіх сьвятароў падпісаў мэмарандум да Канфэрэнцыі польскіх біскупаў, які патрабаваў увядзеньня выкладаньня беларускай мовы, літаратуры і гісторыі ў духоўных сэмінарыях.

Падчас служэньня Францішак займаўся будаўніцтвам мясцовага мураванага касьцёлу сьв. Аляксея, якое было скончана ў 1912 годзе.

У “Нашай Ніве” выйшла паведамленьне: “У самым мястэчку Сяльцы есьць дзьве царквы (адна новая і адна старая, уніяцкая) і будуецца цяпер пекны касьцёл у стылю готыка-раманскім. Будуе гэты касьцёл малады ксёндз, Р., шчыры беларус”. Ксёндз падтрымліваў грашыма выданьне беларускіх каталіцкіх часопісаў і газэтаў, займаўся распаўсюдам беларускіх друкаваных выданьняў.

Уявіце, колькі зьдзекаў давялося перажыць “шчыраму беларусу”. Расейскія чарнасоценцы, польская касьцёльная іерархія, нямецкія акупанты Першай сусьветнай, забіты, застрашаны беларускі народ...

Быў такі выпадак. Аднойчы маланка ўдарыла ў касьцёл, прабіла сьцяну ды апаліла арган. Аглядаючы апаленую расколіну, людзі шапталіся, маўляў, нябесная кара, бо на хорах сьпяваюць па-беларуску.

Францішака Рамейку пазбавілі права займацца душпастырскай дзейнасьцю – гэта не магло не адбіцца на ягоным псыхічным стане, бо нават самай моцнай цярплівасьці нарэшце прыходзіць канец. Да якой ступені зьнемажэньня можа дайсьці сьвятар, каб забіць сябе?

16 чэрвеня 1931 году ён прыехаў у Вільню – у госьці да Адама Станкевіча. Яго папрасілі пачакаць у пакоі. Ксёндз Рамейка чакаў доўга. Потым дастаў пісталет, сеў, напісаў запіску, дзе папарасіў прабачэньня за свой учынак, і застрэліўся.

Ксяндза Гадлеўскага расстралялі гестапаўцы. Адама Станкевіча згнаілі ў ГУЛАГу. Францішак Рамейка вырашыў свой лёс сам.

Мы ня ведаем, дзе зараз ксёндз Францішак – на небе, у пекле ці ў чыстцы. Хочацца верыць, што шчырая, сардэчная падзяка ягоных прыхільнікаў за любоў да Беларушчыны, роднай мовы, за дзейнасьць насуперак страху перад бязглуздымі катамі, дапаможа аблягчыць тое, што яму наканавана.

#мова #supermova #героі #гісторыя #рамейка