Get Mystery Box with random crypto!

…І зьявіцца шмат музеяў, бо зробяць файна, зь любоўю – музей р | Белліт

…І зьявіцца шмат музеяў,
бо зробяць файна, зь любоўю –
музей разлучаных сем’яў,
зьнявечанага здароўя.

Музеі жнівеньскай сьпёкі
і студзеньскай лютай замеці.
Музей маршрутаў наўцёкі.
Музей ператрусу памяці.

Музей падазроных кветак,
музей небясьпечных строяў.
Музей аднолькавых сьведак.
Музей аднолькавых мрояў.

Музей душы, што люцее.
Музей трывожнае торбы.
Музей апошняй надзеі
на сьвет справядлівы й добры.

Заплечнікі і валізкі
з музея помсты паскуды.
Музей узятай падпіскі
пра твой нявыезд нікуды.

Музей эмацыйных арэляў,
рулетка масак і твараў.
Музей таго, хто ня стрэліў,
музей таго, хто ня ўдарыў.

Музей дваровага рэха,
падпольнай песьні і танца.
Таго, хто ня мог і зьехаў.
Таго, хто здолеў застацца.

Ня зьлічыш паверхаў і залаў,
хадзі, покуль носяць ногі.
Бо шмат яшчэ філіялаў
музея тваёй перамогі.

@Akhadanovich