Get Mystery Box with random crypto!

Калі выйдуць палітвязні ці як нам дамагчыся іх выхаду. Белару | Admyslova

Калі выйдуць палітвязні ці як нам дамагчыся іх выхаду.

Беларускія палітвязні будуць утрымлівацца дзяржаўнымі служкамі да таго моманту, пакуль гэтае ўтрыманне адпавядае іх мэтам. Мэта вядомая: захаванне сваёй улады і кантролю над беларусамі. Улада найлепш ажыцяўляецца тады, калі ёсць пунктам агульнай згоды, сведчаннямі якой з’яўляецца не столькі акты падтрымкі, колькі адсутнасць публічных актаў нязгоды. Шчасце ўлады вельмі любіць цішыню, бо маўчанне ўспрымаецца як згода. Палітвязні сваёй дзейнасцю – праявамі нязгоды (палітычнай, этычнай, эстэтычнай і г.д.) – перашкаджалі ажыццяўленню гэтай мэты, таму і былі зняволены. Нязгода, калі яна публічная ў той ці іншай ступені, паказвае іншым людзям на пэўныя хібы дзейнага парадку, яна акцэнтуе ўвагу, падтрымлівае ды ўзмацняе палітычны дыскурс. Нязгода можа стаць фундаментам для яднання, а гэта ёсць вялікай пагрозай для дзяржаўных служак. Беларускі аўтарытарызм не выключэнне, ён, як і іншыя, пра тое, што «не выходи из комнаты». Выканаўцы злачынных загадаў высока паднялі ў Беларусі кошты за праявы нязгоды.

Беларускія палітвязні будуць утрымлівацца дзяржаўнымі служкамі да таго моманту, пакуль гэтае ўтрыманне будзе выклікаць страх у тых, каго не затрымалі, пакуль будзе весці да раз’яднання і апатыі. Раней дзяржаўныя служкі маглі не затрымліваць тысячы і тысячы людзей, дастаткова было меншых высілкаў, каб падтрымліваць людзей у стане анабіёзу і «маяхатаскраю», але цяпер гэтага не дастаткова, цяпер патрэбны масавы і заўважны фізічны і псіхалагічны гвалт. І ўжо ёсць вялікая колькасць людзей, якія ўзялі гэты гвалт на сябе, якія перажываюць яго штодзень. Мы ведаем пра іх існаванне і пакуты, гэтыя веды можна спрабаваць прыхаваць у сабе ці неяк забыцца, але гэта не зменіць рэальнасці.

Беларускія палітвязні будуць утрымлівацца дзяржаўнымі служкамі да таго моманту, пакуль не наступіць яднанне на глебе таго, што палітвязні павінны быць вызвалены, а апатыя не зменіцца на нязгоду. У кожнага свой шлях да яднання з іншымі, шлях самаўдасканалення і перамогі над страхам. Можна спрабаваць адшукаць адказы самастойна, можна вывучаць вопыт іншых, тым больш, што цяпер мы маем тысячы гісторый беларускіх палітвязняў, не кажучы пра вопыт людзей з іншых краін. Не ўсе гэтыя гісторыі напісаны, не ўсе напісаныя лёгка адшукаць. І гэта адзін з накірункаў далучэння: стварэнне, вывучэнне і распаўсюд гісторый і сведчанняў беларускіх палітвязняў, тых, хто апынуўся ў першых шэрагах нязгодных, тых, каго беларускі рэжым і яго служкі палічылі небяспечнымі для сябе.

Тэма палітвязняў павінна пашырыцца на ўсё беларускае грамадства і стаць асноўнай тэмай думак і размоў, дамінуючым дыскурсам, каб далей перайсці ў стан рашэнняў і дзеянняў. Беларускія палітвязні не вызваляць сябе самі, іх вызваленне – гэта агульная справа нацыянальна арыентаванай часткі грамадства, гэта фундамент для нацыянальнага яднання і супрацы, найбольш актуальная нацыянальная ідэя сёння.

Ці магчыма ў сённяшняй Беларусі быць актуальным і не казаць пра палітычных зняволенных?

#Адмысловыя_тэксты