Get Mystery Box with random crypto!

'ЦІ ЁСЬЦЬ БОГ' (Частка 2/2) Нэгатыўныя адносіны газпрамаўскай | Зянон Пазьняк

"ЦІ ЁСЬЦЬ БОГ"
(Частка 2/2)

Нэгатыўныя адносіны газпрамаўскай квазіапазыцыі да Беларускага Народнага Фронту, да яго дзейнасьці, ідэалогіі і да перамогі нацыянальнай рэвалюцыі ў 1988-1991 гадах тэстава сьведчыць толькі пра адно: перад намі непрыяцелі беларускай нацыянальнай Беларусі, непрыймальнікі яе нацыянальнай ідэі і нацыянальнай будучыні. Ім непатрэбная шчасьлівая, адроджаная, культурная нацыя зь беларускім духоўным жыцьцём, зь беларускай мовай і вольнай працай. Яны хацелі б "страну для жизни" (прытым адразу) з камфортам, які ім забясьпечыць Расея узамен за здачу беларускай маёмасьці і адмаўленьне ад нацыянальных каштоўнасьцяў; з камфортам, які паабяцаюць Пуцін, Масква і сытая Эўропа, калі яны будуць славіць яе левую эўрадэмакратыю з усімі збачэнствамі.
Гэтыя сацыяльныя ненавісьнікі Лукашэнкі існуюць цалкам у палітычнай парадыгме Масквы, якая хацела б зьмяніць Лукашэнку на такога ж залежнага васала, але больш культурнага і цывілізаванага. Пры гэтым газпрамаўскія спаборнікі за ўладу нічога ня ведаюць пра беларускую нацыю, пра Беларусь і ня хочуць ведаць. Яны тыповыя непрадрашэнцы, якія думаюць перацягнуць на сябе Беларускі народ, нічога ня кажучы пра яго нацыянальную будучыню. Маўляў, звалім Лукашэнку, а там будзе лепей.
Аднак з Масквой, ня будзе "лепей". Ужо бальшыня беларусаў тое ведае. Але сацыял-нэафіты ўсё на гэтую мпэрскую лухту купляюцца.
"Ябацькі" і "неверагодныя" падзяліліся па палітычных вектарах. Арыентацыя супроцьлеглая, тыпажы розныя але прырода ў іх адна -- наднацыянальная. Яны будуць разьдзіраць Беларусь з-за розных уяўленьняў аб "стране для жизьни" -- але злучацца ў антынацыянальнае і лукашысцкае "адно", калі зьявіцца на палітычнай сцэне нацыянальная беларуская арганізаваная і вызвольная сіла.
Народная беларуская салідарнасьць цяпер пратэстуе супраць гвалту і маніфэстуе пад беларускім нацыянальным сьцягам, ахвяруецца, церпіць і не здаецца.
Праўда, за пяць месяцаў актыўнага мірнага пратэсту яшчэ не стварылася народная палітычная арганізацыя. Нават дружыны дзеля аховы дэманстрантаў не стварылася. Гэта трывожны момант, бо газпрамаўска-прамаскоўская барацьба за ўплывы на беларускі народ адбываецца амаль што ў аднабаковым парадку, амаль не спатыкаючы арганізаванай нацыянальнай альтэрнатывы.
Беларусь перажывае хвалюючы гістарычны момант грамадзкага абуджэньня людзей, працягвае мірны супраціў нялюдзкаму рэжыму, пратэстуе супраць антынароднай акупанцкай палітыкі, яднаецца пад беларускім нацыянальным сьцягам, які ўсяляе надзею і аптымізм у душы беларусаў. Але гэта толькі пачатак, толькі дэманстрацыя пазыцыі і сьведчаньне нацыянальнага яднаньня. Гэта першы этап. Далей мусіць быць арганізацыя беларускага нацыянальнага супраціву, палітычнага руху, палітычная барацьба і змаганьне. Нацыянальна-вызвольны рух мусіў бы стаць масавым.
Галоўнае -- не прапусьціць час "Х", які настане, калі трэба ўсім выступіць. Тады бандыты, якія захапілі ўладу, якія рыхтуюць канцлагеры для народа і вынішчэньне беларускай нацыі, павінны быць адразу схопленыя і пакараныя па суду. Час мірных пратэстаў закончыцца. Кветкі падонкам узамен за катаваньні дарыць ня будуць.
Міліцыя не з народам! Яны яшчэ ня ведаюць беларуса ў гневе, калі скончыцца яго цярпеньне. Бойцеся!
Тады рэальна абрынецца антынародны рэжым. Тады яго не ўратуе нішто: ні Масква, ні АМОН, ні маскоўскія грошы, ні нават маскоўскія танкі.

8 студзень 2021 г.
Зянон ПАЗЬНЯК